Узровень вады ў рацэ Сож каля Гомеля дасягнуў гістарычнай мінімальнай адзнакі
З прычыны абмялення ракі амаль спыненае грузавое судаходства. Для купальшчыкаў абмяленне ракі – таксама праблема, бо глыбіня каля буйкоў часта не перавышае аднаго метра.
Такая з’ява вельмі турбуе жыхароў горада:
– Шмат шкоды прынесла міліярацыя вар’яцкая.
– Калі ў ваду заходзіш, то трэба больш прайсці, каб паплысці. Але, калі дажджы бы цяпер прайшлі, то ўзровень вады аднавіўся бы.
– Я інвалід 2-ой групы, ішла па беразе – паўсюль крута, немагчыма падняцца. Мужчына падаў мне руку і дапамог падняцца, таму што вельмі нізка вада, бераг круты стаў.
Прадстаўнік Гомельскага абласнога аддзелу Беларускага геаграфічнага таварыства Уладзімір Пашук лічыць сітуацыю з узроўнем вады ў рацэ Сож – анамаліяй:
– Зіма была вельмі цёплая, кароткая, рана стаяў снег, паводкі вясновай не было – гэта галоўная прычына. Па гэтай прычыне, па-першае, грунтовыя воды панізіліся – гэта таксама анамальна. Дажджы быццам прайшлі нармальна ўлетку, але глеба дастаткова не атрымала вільгаці.
Сёлета крытычны ўзровень вады назіраецца не толькі ў Сажы, але і на Дняпры і ў рацэ Прыпяць. У сувязі з гэтым паміж рачнымі партамі практычна спыненае спалучэнне воднага транспарту.
Беларускае Радыё Рацыя