V Форум экалагічных арганізацый Беларусі
Да вырашэння экалагічных праблем трэба прыцягваць кожнага чалавека. З такім агульным настроем адбыўся V Форум экалагічных арганізацый Беларусі, які сабраў каля 150 ўдзельнікаў з усёй краіны. Галоўнай тэмай форуму стала пытанне прыцягнення шырокага грамадства да аховы навакольнага асяроддзя.
У Беларусі існуе шмат экалагічна вострых праблем, аднак большасць людзей вельмі неахвотна падключаюцца да іх вырашэння, кажа старшыня грамадскай арганізацыі “Экадом” Ірына Сухій:
– Гэты форум прысвечаны супольнай праблеме ўцягвання грамадскасці, то бок былі прэзентацыі сацыялагічных даследванняў. Там мы канешне ўбачылі невялікі рост, што мы сталі больш пазнавальнымі, людзі больш гатовыя ўдзельнічаць, але гэта ўсё роўна нейкія маленькія працэнты 5-7%. Хаця заклапочанасць экалагічнымі праблемамі парадка 42%, то бок патэнцыял ёсць, ёсць людзі якіх хвалююць праблемы экалогіі.
Удзельнікі Форуму экалагічных арганізацый таксама абмеркавалі праблемы ўзаемадзеяння з Міністэрствам прыроды Беларусі, цяжкасці ў фінансаванні экалагічных ініцыятыў і арганізацый, а таксама факты ціску і пераследу экаактывістаў з боку мясцовых уладаў.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя