Ва Украіне – масавыя акцыі ў падтрымку Надзеі Саўчанкі



На Майдане Незалежнасці ў Кіеве адбываецца акцыя ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якую судзяць у Расеі. Удзельнікі акцый з плакатамі патрабуюць неадкладнага вызвалення Надзеі. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць больш за тысячу чалавек, сярод іх – сястра Надзеі Саўчанка — Вера, палітыкі Юлія Цімашэнка і Алег Ляшко, народныя дэпутаты і прадстаўнікі МУС.

Акцыя ў падтрымку Надзеі Саўчанкі таксама прайшла ў Адэсе, – кажа атаман Чарнаморскага гайдамацкага аб’яднання Сяргей Гуцалюк:

– Шмат людзей сабралася на плошчы. Гэта нашае знакавае месца – дзе адбываўся наш адэскі Майдан. Людзі выйшлі ў падтымку Надзеі Саўчанкі, а таксама каб выказаць пратэст супраць дзеянняў ман’яка-Пуціна. Па-іншаму яго ніяк не назавеш. У сваёй злобе ён вырашаў узяць у закладніцы адну жанчыну і на яе ўсю сваю злобу выліць. Таму што не ўдалося скарыць Украіну. І таму што не атрымаўся праект Наваросія і ўсё іншае.

У Харкаве каля помніка Шаўчэнкі таксама праходзіла акцыя ў падтрымку Надзеі Саўчанкі: удзельнічалі некалькі соцень актывістаў. Пазней мітынг перамясціўся да расейскага консульства, дзе людзі скандзіравалі: “Путін! Геть із України!”. 9 сакавіка, у дзень абвяшчэння прысуду, у падтрымку Саўчанкі плануецца правесці глабальную акцыю ў яе падтрымку.

Беларускае Радыё Рацыя