Ва Украіне легітымізуецца лацінка?



Прапанову пра магчымае выкарыстанне лацінскага алфавіта разам з кірылічным прапануе абмеркаваць міністр замежных спраў Павел Клімкін. Пра гэта паведамляе інфармацыйны рэсурс “Новы час”.

Украіна мае досвед выкарыстоўвання лацінкі яшчэ з XVII стагоддзя, прытым існуюць і літаратурныя помнікі, запісаныя такім спосабам.

У XIX стагоддзе было некалькі спробаў перавесці ўкраінскі правапіс на лацінку, але яны не былі сустрэтыя прыхільна.

Сучасныя прыхільнікі лацінкі, а іх небагата, мяркуюць, што адмова ад кірыліцы наблізіць краіну да Еўропы, пры гэтым спасылаюцца не толькі на традыцыі ўкраінскай лацінкі, але і на досвед Казахстана, дзе пераход на лацінку запланаваны ў бліжэйшыя гады.

Прыхільнікі кірыліцы перакананыя, што гэты спосаб пісьма – неад’емная спадчына Украіны, якая мае традыцыі з часоў Кіеўскай Русі, і адмова ад кірыліцы – безумоўная здрада.

Сам міністр замежных спраў падкрэслівае, што “наша мэта – фармаванне палітычнай нацыі, і таму мы павінны працаваць на тое, што нас аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае”. А пытанне пра легітымізацыю ўкраінскай лацінкі ставіцца дыскусійна.

У Беларусі, дзе традыцыі пісьма лацінкай куды больш глыбокія, прапановаў ад высокапасадоўцаў падыскусіраваць пра яе легітымізацыю ніколі не было.

Беларускае Радыё Рацыя