Ва Украіне масава ратуюць буслоў, якія не даляцелі да Беларусі
Сотні белых буслоў апынуліся ў палоне зімы па шляху з выраю. Птушкі прыляцелі ва Украіну, а там – мароз і снег, таму бедныя мігранты не могуць знайсці сабе пражытак.
Фота: facebook.com/iryna.telka
Не толькі валанцёры і простыя жыхары Заходняй Украіны, але і грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы, органы ўлады, МНС падключыліся да выратавання буслоў: іх хаваюць у хлявах, збіраюць для іх ежу, расчышчаюць палі ад снегу, сцелюць салому. Працу, у якую актыўна ўключыліся сотні ўкраінцаў, каардынуюць праз сацсеткі.
Многія забіраюць буслоў у свае дамы і кормяць іх рыбай. Фота: facebook.com/profile.php?id=100007312659855
– Такой масавай праблемы ў Беларусі пакуль няма. Справа ў тым, што буслы да нас яшчэ не даляцелі. Ва Украіне спыніліся якраз птушкі, якія ляцяць у Беларусь і на поўнач Расеі. У шляху іх спыніла зіма, якая зацягнулася. Мяркуючы па публікацыях, у бядзе апынуліся маладыя, нявопытныя птушкі. Наогул, бусел – адносна ранні мігрант, і калі б было цяплей, буслы ўжо дасягнулі б Беларусі, – тлумачыць „Камсамолцы” спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Максім Нямчынаў.
Цікава, што некаторыя буслы з Беларусі і зусім перасталі ляцець на зіму.
– Кропкавыя выпадкі зімоўкі буслоў у нас ужо адбываюцца, і гэта не адзінкавыя выпадкі. Пры пэўных умовах пералётныя віды імкнуцца зімаваць на месцы. Напрыклад, у Менску, у прамзоне, ужо некалькі гадоў зімуе белы бусел, сакрэтная мянушка якога – Бусел з Шабаноў. Яго прыкармілі каля сталовай, і ён застаецца зімаваць. Побач ёсць незамярзаючы вадаём, пастаянна бусла падкормліваюць, таму птушка адчувае сябе добра і не бачыць сэнсу ляцець, – расказвае арнітолаг.