Ва Украіне распачынае працу беларускамоўная праграма на FM-хвалі
Прадукаваць і трансляваць беларускія перадачы збіраецца чарнігаўская тэлерадыёкампанія Svoboda.fm. Гэта сапраўды падзея гістарычных маштабаў: за ўсё гісторыю ўкраінскай інфармацыйнай прасторы беларускае слова ў ім ніколі не гучала сістэмна.
На якую мэтавую аўдыторыю разлічаная беларуская праграма ва ўкраінскім эфіры? Чаму радыё мае быць менавіта беларускамоўным? Чаму ва ўкраінскім грамадстве так багата бязглуздых прыдумак пра жыццё ў Беларусі, а ў Беларусі – фантастычных міфаў пра стан рэчаў ва Украіне?
Пра гэта і пра шмат што іншае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Алегам Галаваценкам, шэф-рэдактарам тэлерадыёкампаніі Svoboda.fm.
Фота з прыватнага архіву Алега Галаваценкі
Алег Галаваценка: Мы з задавальненнем будзем рабіць такую праграму, бо наша мэта – разбурыць тыя міфы, якія стварыліся ў галовах украінцаў пра Беларусь і ў галовах беларусаў пра Украіну. Але ж мы змушаныя дзейнічаць у своеасаблівым фармаце «добраахвотнага інфармацыйнага батальёну», які амаль нічога не мае агульнага з інфармацыйнай палітыкай дзяржавы.
РР: А ці будзе дзяржава вам неяк дапамагаць?
Алег Галаваценка: Па-першае, нам трэба, каб нам проста ніхто не замінаў рабіць нашай працы. Па-другое, адзінае, чым можа дзяржава дапамагчы – даць нейкія частотныя рэсурсы падобным радыёстанцыям. Бо ўкраінскіх радыёстанцый мае быць не адна і не дзве, а з дзясятак. Прынамсі, за апошнія тры гады. І гэтае пытанне на дзяржаўным узроўні дагэтуль не вырашанае.
РР: І як вы бачыце беларускі кантэнт і беларускія праграмы для беларусаў у Чарнігаве? Якая мэтавая аўдыторыя?
Алег Галаваценка: Па-першае, гэта тыя этнічныя беларусы, якія жывуць у Чарнігаве, а таксама на поўначы вобласці – у Рэпкінскім, напрыклад, раёне. Беларуская мова для Чарнігаўшчыны далёка не чужая, а абсалютна зразумелая. Што тычыцца інфармацыйнай напоўненасці. Гэта найперш – асвятленне тых аспектаў сучаснага ўкраінскага жыцця, пра якое беларусам распавядаюць расейскія тэлеканалы, якія нахабна брэшуць. А таксама тыя моманты, пра якія маўчаць украінскія медыйныя рэсурсы, але якія вартыя асвятлення ў эфіры і вартыя таго, каб быць прысутнымі ў рамках інфармацыйнага абмену. Беларусы, якія прыязджаюць з Гомеля на чарнігаўскія рынкі, напэўна хочуць арыентавацца не толькі ў палітычных тэмах, але і ў эканамічных. І ім трэба такую інфармацыю надаваць. Рынкі, гуртавыя базы, кошты, і ўсё, што іх можа зацікавіць шопінг-турыстаў.
РР: Прыгадаем, як два гады таму чарнігаўскі рынак практычна ігнараваўся беларусамі, якія традыцыйна ездзілі ў сюды па закупы. На інтэрнэт-форумах і ў сацыяльных сетках падаваліся страшныя рэчы: “Чарнігаў захапілі фашысты”, якія нібыта адбіраюць у беларусаў машыны “на карысць Майдана”, збіваюць беларусаў за тое, што яны не валодаюць украінскай мовай, і нават адразаюць галовы тым, хто не можа ад пачатку і да канца спець “Ще не вмерла Україна». Тагачасная перамена настрояў у беларусаў звязаная толькі з маскоўскім асвятленнем падзеяў ва Украіне, ці яшчэ з нечым іншым?
Алег Галаваценка: Ёсць вядомая прыказка: «Святое месца пустым не бывае». І тая інфармацыйная «чорная дзірка», якая існуе, забіваецца крамлёўскай маною. Вядома ж, калі ў Чарнігаў прыедзе беларус з георгіеўскай стужкай на машыне, то людзі на гэта будуць рэагаваць вельмі нервова. Бо пад такой стужкай забіваюць нашых лепшых людзей на Усходзе краіны. Забіваюць маскоўскія акупанты, якія прыйшлі на нашу зямлю ў той час, калі іх ніхто не прасіў гэта рабіць. А калі ў Чарнігаве на сімволіку акупантаў належным чынам адрэагуюць, гэта імгненна падхопяць маскоўскія медыйныя рэсурсы, якія з мухі раздзьмуваюць слана. Гэта ім выгодна, гэта элемент іх прапаганды. У тым жа Гомелі заўсёды мае быць нейкая інфармацыя пра той жа Чарнігаў пра тое, што тут адбываецца насамрэч. І найперш – для тых людзей, якія стала глядзяць тыя маскоўскія тэлевізійныя каналы.
РР: Давайце вернемся ўсё ж да беларускай праграмы на ўкраінскім радыё. Якая будзе мова беларускіх праграм?
Алег Галаваценка: Безумоўна, беларуская. Яна нам далёка не чужая! Гэта будзе беларускамоўная праграма пра Чарнігаў. І пра гісторыю нашага сумежжа, бо тым жа гамальчанам гэтая тэма, напэўна, таксама цікавая. Ужо не кажу пра тое, што і гамяльчане павінны ведаць сваю родную мову… Сяброўскія кантакты між чарнігаўцамі і гамяльчанамі, бізнесовыя кантакты… дый якія заўгодна. Тут не павінна быць ніякіх бар’ераў, у тым ліку і інфармацыйных. Беларусаў у Чарнігаве заўсёды рады бачыць!
РР: За апошнія гады Украіна асацыюецца ў свядомасці тых жа беларусаў выключна з двума словамі «вайна» і «карупцыя». Як бы вы хацелі змяніць імідж Украіны ў вачах тых жа беларусаў, з якімі словамі яна павінна асацыявацца ў Беларусі?
Алег Галаваценка: Безумоўна, хочацца, каб Украіна асацыявалася з куды больш пазітыўнымі з’явамі. Што да карупцыі – на вялікі жаль, тут сітуацыю мы зменім не так хутка, як хочацца. Ва Украіне ёсць аб’ектыўная журналістыка, а гэта не канал прапаганды, і таму мы змушаныя пра сучасны стан рэчаў, у тым ліку і пра карупцыю, сумленна распавядаць.
Мяркуецца, што першыя беларускія радыёпраграмы ва ўкраінскім тэлеэфіры можна будзе пачуць ужо са снежня.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя