Ва Украіне расследуюць буйную кантрабанду цыгарэтаў з Беларусі ў ЕЗ



З Беларусі праз Украіну ў Еўразвяз кантрабандай праехала вялікая партыя цыгарэтаў — 750 тысяч пачак незаконна вырабленых тытунёвых вырабаў маркі Marble і Ashima. 

Цыгарэты везлі пад выглядам мыйнага парашку з прадпрыемства „Бархім”, перадае Радыё „Свабода”. Груз прайшоў дзве мяжы і чатыры праверкі мытнікаў. Пра кантрабанду стала вядома толькі пасля аварыі фуры на дарозе ў Румыніі.

Расследаваннем справы займаецца Служба бяспекі Украіны. Яна запрасіла ў Беларусі копіі дакументаў на груз, адпраўлены „Бархімам”. 

Паводле ўкраінскіх журналістаў, якія займаліся расследаваннямі схемаў кантрабандных паставак цыгарэт з Украіны ў Еўропу, тытунёвыя вырабы Marble і Ashima спярша выпускаліся ў Кітаі (Hongta Tobacco Group Co.). Цяпер цыгарэты пад такой назвай выпускаюць і ў Малдове, і нават на тэрыторыі „асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей”.