Ва Украіне расце колькасць фальшывых грошай
Ва Украіне назіраецца сапраўднае нашэсце падробных грошай. Пра гэта паведамляе інфармацыйны рэсурс “Сьогодні.ua”. Пры гэтым падробныя купюры надзвычай высокай якасці: з мікрадрукам, вадзянымі знакамі і іншымі сродкамі абароны ад фальшавання.
Пра тое, як беларусам, якія прыязджаюць ва Украіну, абараніцца ад падробак, распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
— Больш за ўсё фальшаваных купюр сярод банкнот вартасцю ў сто даляраў. Пры гэтым нават банкаўскія дэтэктары не заўсёды распазнаюць падробкі. Фальшаваныя купюры амаль цалкам адпавядаюць сапраўдным і нават мяняюць колер у залежнасці ад вугла агляду. Сярод іншых купюр, папулярных у фальшываманетнікаў, банкноты вартасцю 200 і 500 грыўняў. Гэтыя фальшыўкі таксама надзвычай высокай якасці і выявіць падробку непрафесіяналу практычна немагчыма. Паводле Генпракуратуры абсалютная большасць фальшывак прадукуецца ва Украіне. Толькі за апошнія 9 месяцаў была выкрыта 21 група фальшываманетнікаў. А таму, беларусам, якія прыбываюць ва Украіну, варта быць пільнымі і па-магчымасці не мець справы з купюрамі вартасцю у сто даляраў, а таксама ў 200 і 500 грыўняў.
Таксама нагадваем, што валютныя аперацыі лепш за ўсё рабіць у банках і пазбягаць абмену грошай у вулічных мянялаў.
Беларускае Радыё Рацыя