Ва Украіне разбіўся грузавік з беларускімі турыстамі (абноўлена)
Кіроўца грузавіка з беларускімі турыстамі, які ўпаў у раку, быў п’яны, паведаміла паліцыя Івана-Франкоўскай вобласці.
„47-гадовы кіроўца аўтамабіля „ГАЗ-66″ не справіўся з кіраваннем на ўздыме, з прычыны чаго аўтамабіль пачаў рух назад і перакуліўся ў раку. Кіроўца — жыхар аднаго з сёлаў Косаўскага раёна — кіраваў у стане алкагольнага ап’янення. Гэта пацвердзіла медыцынская экспертыза”, — адзначаецца ў рэлізе. Вадзіцель „знаходзіцца ў стане шоку, абышоўся сінякамі”.
Інфармацыя пра НЗ паступіла ў Дзяржаўную службу па надзвычайных сітуацыях 6 мая ў 11.43 (час супадае з мінскім). Грузавы аўтамабіль з кунгам зваліўся ў раку Чорны Чарамош з 40-метровай вышыні ў Верхавінскім раёне. Паводле дадзеных абласной паліцыі, у ім знаходзіліся 24 чалавекі — 23 пасажыры з Беларусі і мясцовы кіроўца; турысты ехалі да пункту, адкуль збіраліся сплавіцца па рацэ.
Як паведамілі БелаПАН у консульскай службе пасольства Беларусі ва Украіне, на месцы ДТЗ загінулі тры чалавекі — Яўген Іваноў 1990 года нараджэння, Тамара Ашухіна 1991 года нараджэння і Ангеліна Юшкевіч 1996 года нараджэння.
Яшчэ дзевяць грамадзян Беларусі ва ўзросце ад 21 года да 49 гадоў шпіталізаваныя ў Верхавінскую бальніцу з траўмамі лёгкага і сярэдняга цяжару. Астатнім дапамога аказаная на месцы.
У пошукава-выратавальнай аперацыі ўдзельнічалі супрацоўнікі ДСНС, паліцыі і іншыя турысты, якія сплаўляліся па рацэ.
Адкрытая крымінальная вытворчасць на падставе ч. 3 арт. 286 КК Украіны (парушэнне правілаў бяспекі дарожнага руху або эксплуатацыі транспарту асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула гібель некалькіх чалавек). Санкцыя артыкула — пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў з пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін да трох гадоў. Кіроўца аўтамабіля затрыманы. У найбліжэйшы час яму абвесцяць падазрэнне, а суд абярэ меру стрымання, паведамляе паліцыя.
* * *
У Івана-Франкоўскай вобласці Украіны зваліўся з абрыву грузавік, як мяркуецца, з беларускімі грамадзянамі — трое загінулі, 19 параненыя, паведамляе МУС краіны. Інфармацыя пра НЗ паступіла ў Дзяржаўную службу па надзвычайных сітуацыях 6 траўня ў 11.43.
Грузавы аўтамабіль з кунгам зваліўся ў раку Чорны Чарамош з 40-метровай вышыні каля вёскі Краснік Верхавінскага раёна. У машыне (мяркуючы па фатаграфіях з месца здарэння, мае івана-франкоўскую рэгістрацыю) знаходзіліся 23 чалавекі, лёс аднаго невядомы.
У раёне надзвычайнага здарэння працуюць 45 супрацоўнікаў ДСНС і дзевяць адзінак тэхнікі.
Фота dsns.gov.ua