Ва Украіне ў ДТЗ загінулі пяць грамадзян Беларусі



 Ва Украіне ў ДТЗ загінулі пяць грамадзян Беларусі, паведамляе ўкраінская Дзяржаўная служба па пытаннях надзвычайных сітуацый.

20 ліпеня каля 4.00 раніцы ў Крываазёрскім раёне каля пасёлка Крывое Возера адбылося сутыкненне пасажырскага мікрааўтобуса з грузавым аўтамабілем. У выніку ДТЗ загінулі 5 чалавек і 10 чалавек пацярпелі. Для правядзення дэблакацыі загінулых прыцягвалася падраздзяленне ДСНС„, — гаворыцца ў паведамленні.

Усе загінуўшыя і пацярпелыя з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі.

Пазней першы намеснік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Вячаслаў Аброськін удакладніў, што траўмаваных не 10, а 12 чалавек.

„Кіроўца мікрааўтобуса Mercedes-Benz перавозіў 17 пасажыраў па маршруце Адэса — Гомель і не справіўся з кіраваннем названага транспартнага сродку, — напісаў Аброськін на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”. — У выніку адбылося сутыкненне з прыпаркаваным на абочыне грузавым аўтамабілем (з-за няспраўнасці). Пяць чалавек, пасажыраў мікрааўтобуса, загінулі, а астатнія 12 пасажыраў атрымалі цялесныя пашкоджанні і дастаўленыя ў Крываазёрскую ЦРБ. На месца трагедыі першымі прыбылі работнікі паліцыі і ДСНС, якія і аказвалі першую неадкладную дапамогу”.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз паведаміў БелаПАН, што з 12 пацярпелых трое знаходзяцца ў цяжкім стане.

„Наша пасольства працуе ў шчыльным кантакце з паліцыяй і мясцовымі ўладамі па рашэнні ўсіх неабходных пытанняў”, — сказаў ён.

  БелаПАН