Ва Украіне ўзнагародзілі журналістку нашага радыё
Журналістку Таццяну Смоткіну, якая супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя, узнагародзілі дыпломам падчас фэсту “Кабзар яднае Украіну”. Мерапрыемства адбывалася з 19 па 23 траўня на Чаркашчыне, і Таццяна Смоткіна была адзінай беларускай журналісткай, узнагароджанай за асвятленне мерапрыемстваў мінулагодняга фэсту.
– Рабіла сюжэт пра фэст, навіну і рэпартаж, які называўся “Тарас Шаўчэнка. Яго запавет”. Мяне папрасілі даслаць гэтыя матэрыялы, што было нечакана для мяне. Я атрымала дыплом за аб’ектыўнае асвятленне гэтых мерапрыемстваў падчас фэсту. Канешне, мне гэта вельмі прыемна, бо ў той жа час у Беларусі мяне штрафуюць, як я лічу, за тое, што я незалежны журналіст. У іншай краіне маю працу заўважаюць па-іншаму. І мне гэта вельмі прыемна.
У час фэсту і знаходжання ва Украіне беларускі суд асудзіў журналістку за сюжэт, паказаны на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат», дзе апавядалася пра дом №142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім. Суддзя Людміла Вашчанка пастанавіла пакараць Таццяну Смоткіну штрафам у памеры 25 базавых велічынь (ці 575 рублёў).
Беларускае Радыё Рацыя