Ва Украіне за адмову даць інфармацыю журналісту можна сесці ў турму



Ва Украіне прыняты чарговы закон, які абараняе правы і свабоды журналістаў. Цяпер турэмны тэрмін можна атрымаць не толькі за праслухоўванне тэлефонных размоваў журналістаў, але і нават за адмову высокапасадоўцаў паведаміць журналісту неабходную таму інфармацыю.

Гэта ўжо другі закон, скіраваны на абарону прафесійнай дзейнасці журналістаў ва Украіне. Яшчэ летась Вярхоўная Рада дадала ў Крымінальны кодэкс артыкул, які перадугледжвае адказнасць нават за звычайную пагрозу журналістам ці членам іх сем’яў. За такія пагрозы можна атрымаць да 3 гадоў пазбаўлення волі. Цялесныя пашкоджанні журналістам ці членам іх сем’яў караюцца турэмным тэрмінам да 5 гадоў, а цяжкія цялесныя пашкоджанні – тэрмінам ад 5 да 12 гадоў.

Новы закон, прыняты Вярхоўнай Радай, прадугледжвае абарону таямніцы ліставання журналістаў. Так, за праслухоўванне тэлефонных размоваў журналістаў ці пазаконнае знаццё інфармацыі з іх кампутараў можна атрымаць турэмнае знявольванне да 7 гадоў. У тым разе, калі ўкраінскі высокапасадовец адмаўляецца надаць журналісту інфармацыю, якая тычыцца яго рэдакцыйнага задання, ён рызыкуе заплаціць штраф за 50 мінімальных зарплат, быць арыштаваным на 6 месяцаў ці нават атрымаць турэмны тэрмін на 3 гады.

Закон тычыцца не толькі ўкраінскіх журналістаў, але і прадстаўнікоў усіх замежных медыа, якія працуюць ва Украіне.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя