Ва Украіне затрыманы беларус, які знаходзіўся больш за 5 гадоў у міжнародным вышуку
Праваахоўнікамі Украіны па аператыўнай інфармацыі МУС Беларусі затрыманы беларускі грамадзянін, які знаходзіўся больш за пяць гадоў у міжнародным вышуку па лініі Інтэрпола.
Як паведамляе прэс-служба МУС, затрыманаму інкрымінуецца здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконны абарот наркатычных сродкаў у буйным памеры ў складзе арганізаванай групы).
Мужчына падазраецца ў злачыннай дзейнасці, звязанай з арганізацыяй паставак гераіну ў Беларусь, у тым ліку „даволі экстравагантным спосабам — запакаваным у цыбуліны”.
У верасні 2010 года супрацоўнікі беларускага наркакантролю затрымалі ў пункце збірання дарожных пошлін „Рэдзькі”, размешчаным на аўтадарозе Берасце — Менск — мяжа Расейскай Федэрацыі, аўтамабіль „Опель-Астра” з расейскім рэгістрацыйным знакам, у якім перавозілі каля 28 кг гераіну. Пры правядзенні агляду аўтамабіля ў бакавых панэлях задняга пасажырскага сядзення міліцыянеры знайшлі 187 упаковак акруглай формы, замаскіраваных пад цыбулю. Герметычна спрасаваная маса шэрага колеру, паводле заключэння экспертаў, аказалася гераінам.
„Гэты наркатрафік беларускія праваахоўнікі распрацоўвалі больш за паўгода. У выніку была выкрытая дзейнасць транснацыянальнай арганізаванай злачыннай групы, якая займалася пастаўкамі гераіну з Сярэдняй Азіі. Канфіскаваныя наркотыкі прызначаліся для наступнага транзіту ва Украіну і краіны Еўразвяза, а таксама для распаўсюджвання на тэрыторыі нашай рэспублікі”, — адзначаецца ў паведамленні.
Паводле звестак МУС, сярод удзельнікаў міжнароднага наркасіндыката былі ў тым ліку грамадзяне Беларусі і Таджыкістана.
„Затрыманы ва Украіне Уладзімір Юрчанка ўзначальваў адно са структурных падраздзяленняў гэтай транснацыянальнай арганізаванай злачыннай групы. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА Чарнігава пад экстрадыцыйным арыштам”, — гаворыцца ў паведамленні.