Ва Украіне затрыманыя мяркуемыя забойцы Аміны Акуевай



Украінская паліцыя затрымала групу асоб, падазраваных у забойстве Аміны Акуевай у 2017 годзе, паведамілі ўкраінскія афіцыйныя асобы.

Аміна Акуева

„Сёння Нацпаліцыя затрымала групу кілераў, абгрунтавана падазраваных у шэрагу забойстваў…І ў тым ліку – у забойстве Аміны”, – напісаў міністр унутраных спраў Арсен Авакаў ў Facecook. „ДНК затрыманага супала з ДНК на кінутай на месцы злачынства зброі”, – дадаў ён.

Галава нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка заявіў, што затрыманы і арганізатар забойства.

„У склад групы агулам уваходзіла 7 чалавек, частку з іх па падазрэнні ў двух забойствах затрымалі ў верасні 2019 года. А сёння аператыўнікі затрымалі арганізатара забойства Аміны Акуевай і замаху на забойства яе мужа Адама”, – заявіў Кліменка, якога цытуе прэс-служба паліцыі.

У кастрычніку 2017 года машыну, у якой ехала Акуева разам з абвінавачаным у замаху на кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна грамадзянскім мужам Адамам Асмаевым, расстралялі пад Кіевам. Асмаеў быў паранены, Акуева загінула. Ёй было 34 гады.

Па паходжанні Аміна Акуева ўкраінка, нарадзілася ў 1983 годзе ў Адэсе. У дзяцінстве і юнацтве яе звалі Наталляй Нікіфаравай. У 2000 годзе ў 17-гадовым узросце яна прыняла іслам, пачала насіць хіджаб, змяніла імя на Настассю. Пазней выйшла замуж за ваеннага, чачэнца Ісу Мустафінава, а пасля змяніла імя на Аміну. Першага мужа Аміны няма ў жывых, у 2003 годзе ён раптоўна памёр. ФСБ Расеі залічала яго да ўдзельнікаў чачэнскіх „бандфармаванняў”.

Адам Асмаеў узначальваў „Міжнародны батальён імя Джахара Дудаева”, а Аміна Акуева стала прадстаўніком гэтага фармавання. Абое бралі ўдзел у аперацыі на паўднёвым усходзе Украіны ў складзе батальёна паліцыі „Кіеў-2”.

Авакаў абнародаваў відэа затрымання і фота затрыманага мужчыны, аднак яго імя не назваў.

Беларускае Радыё Рацыя