Ва ўкраінскім Луцку з’явілася вуліца Валерыі Навадворскай
Як паведамляе адміністрацыя горада, такое рашэнне было прынята ў рамках выканання ўкраінскага закона «Аб дэкамунізацыі», які прадпісвае перайменаваць усе назвы, звязаныя з савецкай уладай.
Усяго ў Луцку перайменавалі дзесяць вуліц, названых у гонар савецкіх грамадскіх і палітычных дзеячаў. Уладальнікам прыватных жылых дамоў і саўладальнікам шматкватэрных рэкамендуецца самастойна замяніць шыльды з назвамі.
Пра планы перайменаваць вуліцу Васілеўскай ў гонар расейскай апазіцыянеркі стала вядома яшчэ ў траўні, а цяпер адпаведнае распараджэнне падпісана і афіцыйна апублікавана.
Закон «Аб дэкамунізацыі Украін» быў прыняты ў красавіку 2015 года. У рамках яго выканання горад Днепропятроўск перайменавалі ў Днепр, а ў Закарпацкай вобласці з’явіліся вуліцы Джона Ленана і Эндзі Уорхола.
Валерыя Навадворская, ураджэнка Баранавічаў, атрымала вядомасць як савецкая дысідэнтка, а пасля расейская апазіцыянерка і праваабаронца. Яна адстойвала ліберальныя палітычныя погляды і рэзка выказвалася ў бок дзеючай расейскай улады і асабіста прэзідэнта краіны Уладзіміра Пуціна. У 2014 годзе Навадворская памерла на 65-м годзе жыцця.