Ва Украіну не пусцілі дырэктара менскага карпункта НТВ
У аэрапорце „Барыспаль” 13 снежня ўкраінскія памежнікі не пусцілі ў краіну дырэктара менскага карпункта расейскага тэлеканала НТВ Сяргея Савіна, які прыляцеў з беларускай сталіцы.
На сайце НТВ Савін паведаміў: „Мы прыляцелі сёння ў „Барыспаль” раніцай, а палове дзясятай па маскоўскім часе. Далей — штатная працэдура праходжання кантролю. Адразу заявілі, хто мы, што мы, якія мэты, на колькі прыехалі ва Украіну, што збіраемся рабіць. Былі заяўлены тэмы: новыя вынікі ў расследаванні забойства Паўла Шарамета, маючая адбыцца актывізацыя газавых перамоў Расіі і Украіны, ну і абяцаны прэзідэнтам Зяленскім абмен палонных да канца года і магчымае спыненне агню на лініі судакранання. Аддалі дакументы, усё адбывалася ветліва, дыпламатычна. Затым запрасілі да адказнай асобы, вось такое было ўручана рашэнне: адмова ў перасячэнні дзяржаўнай мяжы на ўезд ва Украіну. Прычына афіцыйная: я не змог пацвердзіць мэту запланаванага знаходжання тут. Чакаць нам доўга, да вечара, у любым выпадку адпраўляць будуць за кошт авіякампаніі, якой мы сюды прыляцелі”.
Увечары Савін вярнуўся ў Менск. Пастаяннай забароны на ўезд ва Украіну ў яго няма. Раней ён ужо працаваў у гэтай краіне.У біяграфіі Савіна на сайце НТВ адзначаецца, што ў 2014 годзе ён узнагароджаны медалём ордэна „За заслугі перад Айчынай» I ступені „за аб’ектыўнае асвятленне падзей у Крыме”.
За дзень да гэтага, 12 снежня, ва Украіну бесперашкодна заехала здымачная група расійскага тэлеканала „Звезда”.