Ва Універсітэце імя Гілевіча прайшоў вобшук
У прыватным Універсітэце імя Ніла Гілевіча прайшоў вобшук, паведаміў выканаўца абавязкаў рэктара Алег Трусаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
Фота ілюстрацыйнае
„Забралі некаторыя кнігі з бібліятэкі. Памяшканне апячаталі”, — напісаў ён.
Універсітэт размешчаны ў раёне Менскага трактарнага завода на вул. Шчарбакова.
У 2017 годзе Менгарвыканкам зарэгістраваў Універсітэт імя Ніла Гілевіча ў якасці структурнага падраздзялення „Таварыства беларускай мовы”. Неўзабаве быў зарэгістраваны статут ВНУ, згодна з якім навучанне студэнтаў у перспектыве павінна весціся па 56 спецыяльнасцях.
Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка 2019 года, у якой удзельнічаў Алег Трусаў, Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў стварэнне ўніверсітэта. „Тое, што вы там — гэта трэба пацікавіцца — універсітэт стварылі самі, не спадзеючыся ні на каго, — ну, гэта добра”, — сказаў Лукашэнка. У той жа час ён папярэдзіў: „Толькі каб гэта быў, Алег, правільны ўніверсітэт. Ну мы ж з табой ужо пражылі нямала часу. Каб рускую мову паважалі і вывучалі”.
У студзені кіраўніцтва ВНУ з-за сітуацыі ў краіне спыніла працэс падрыхтоўкі і зацвярджэння дакументаў, неабходных для атрымання ліцэнзіі Міністэрства адукацыі на навучанне студэнтаў. „Пасля падзей у жніўні 2020 года мы проста спынілі ўсе гэтыя справы, усе адносіны з Мінадукацыі, таму што няма сэнсу гэтым займацца, улічваючы сітуацыю ў краіне, — заявіў БелаПАН Трусаў. — Будзем чакаць лепшых часоў. Пакуль не зменіцца сітуацыя ў краіне, афіцыйна працягваць [працэс атрымання ліцэнзіі] — пустая справа, бо зразумела, што нічога мы не атрымаем. Але мы спадзяемся на лепшае, можа, да канца года ўсе зменіцца, спадзяемся на станоўчыя змены”.
„Але праца ідзе, універсітэт працуе — пішам падручнікі. Плануем за гэты год напісаць тры падручнікі па германістыцы, а таксама выдаць беларускамоўны падручнік па паланістыцы”, — сказаў в.а. рэктара.