Ва Ушачах застрэліўся былы начальнік міліцыі
Як паведамляе «Наша Ніва», ва Ушачах ва ўласным доме застрэліўся былы начальнік мясцовага РУУС Уладзімір Шкіндэр.
Паводле папярэдняй інфармацыі, здарэнне адбылося 1 ліпеня, страляў ён нібыта з самаробнай зброі.
Варта адзначыць, што з міліцыі Шкіндэр сышоў гадоў 10 таму, апошнім часам быў старшынём мясцовага аб’яднання ветэранаў.
«Ціхі быў чалавек, як сышоў са службы, увагі на сябе амаль не звяртаў. Меў вялікую гаспадарку», — расказалі нам былыя саслужыўцы.
Цяперашнія работнікі тамтэйшай міліцыі параілі звяртацца па падрабязнасці ў Следчы камітэт, але гэтую справу там пакуль не каментуюць.
