Вада памылак не даруе



У Берасцейскай вобласці за чэрвень-ліпень на вадзе загінула 15 грамадзян, 10 з якіх на вадаёмах Пінскага і Столінскага раёнаў. Сярод патанулых ёсць непаўнагадовыя і маладзёны. Багацце вады на Палессі прыцягвае грамадзян адпачываць у месцах,не прызначаных для купання.

Да завяршэння купальнага сезону застаецца менш за месяц, але невыносная спёка робіць гэтыя дні самымі цяжкімі для выратавальнікаў.

Паводле выратавальніка пінскай станцыі Андрэя Кураўца, гараджане імкнуцца адпачываць сваёй кампаніяй, альбо ў адзіноце, што вельмі небяспечна. Кожны думае, што бяда з ім не здарыцца:

-Выпіў гарэлкі – ў ваду не лезь! Вада памылак не даруе. Асабліва страшна, калі гінуць дзеці. У першую чаргу хацелася б звярнуцца да бацькоў: калі яны прыйшлі на вадаём з дзецьмі, тыя ўвесь час павінны знаходзіцца побач. Дарослыя не мусяць піць дзесьці ў куточку гарэлку. Мы ўсе думаем, што не патонем, што гэта здарыцца не з намі. Аднак рэчаіснасць паказвае, што тоне менавіта той, хто ўпэўнены ў сваіх сілах.

Акрамя сумнай статыстыкі, выратавальнікі прыводзяць станоўчыя вынікі – на Берасцейшчыне ад смерці на вадзе выратавалі 35 чалавек, з якіх 14 – падлеткаў. А дарослы кантынгент у асноўным знаходзіўся ў нецвярозым стане.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота poltava.pl.ua