Вадзім Мажэйка: На любой вайне існуе патрэба падбадзёрыць сваіх і запужаць ворага
Госць Рацыі – аналітык BISS Вадзім Мажэйка каментуе вайну ва Украіне і аналізуе ўвядзенне чарговых санкцый для Расеі і Беларусі.
РР: Чарговае паведамленне пра санкцыі. Здаецца іх было ўжо так багата, і супраць Беларусі, і супраць Расеі, згубіліся мы ўжо ў гэтых санкцыях, якіх вельмі шмат. Еўропа ж лічыць, што гэта такі сапраўды дзейсны шлях зараз.
Вадзім Мажэйка: Так, у гэтых санкцыях галоўнае не той факт, што ўмоўна там нейкі беларускі палкоўнік у чорных спісах, што яны не змогуць ездзіць у Еўропу адпачываць, а галоўнае – сам факт таго, як умацоўваецца і пацвярджаецца, што Беларусь лічыцца саўдзельніцай Расеі ў агрэсіі супраць Украіны. Бо што б там Лукашэнка не казаў, маўляў, там не наша войска страляла па тэрыторыі, а расейскае, значыць мы ні пры чым – гэта ўсё смеху варта. Згодна з Міжнародным правам, прадастаўленне тэрыторыі нейкай дзяржаве для атакі на іншую – гэта з’яўляецца саўдзелам у нападзе.
І зараз санкцыі Еўразвязу менавіта гэта і фіксуюць, той факт, што Беларусь прадастаўляе тэрыторыю для атакі на Украіну. Гэтага дастаткова, каб лічыць Беларусь саўдзельніцай вайсковага нападу. І адпаведна беларускія вайсковыя кіраўнікі, якія нават самі не націскалі на кнопкі, але яны каардынуюцца з Расеі, бо вядома, што расейскія вайскоўцы на нашай тэрыторыі, і яны існуюць не ў вакуўме, а так ці інакш у кантакце і з беларускай мінабароны.
РР: Учора закончыўся трывожны дзень, бо ўкраінскія СМІ пачалі распаўсюджваць, што нібыта Расея рыхтуе на тэрыторыі Беларусі нейкі тэракт, каб гэта было спробай уварвання і ўдзелу Беларусі ў гэтым канфлікце. А сёння ад самай раніцы ўсе высокія ўкраінскія чыны заяўлялі, што на сёння яны не могуць сцвярджаць, што менавіта беларускія войскі прымаюць удзел у гэтай вайсковай аперацыі. Між іншым, БелТА напісала, што нібыта гэта ўкраінскія салдаты выкарыстоўваюць сцяжкі Беларусі, каб абвінаваціць Беларусь ва ўдзеле. Вось такое замяшанне да чаго можа прывесці? Гэта гульня на нервах?
Вадзім Мажэйка: Сапраўды, цяпер, калі вайна працягваецца, безумоўна тое, як метафарычна называюць “туман вайны” – зараз ён не метафарычны. І сапраўды вельмі цяжка знайсці нейкія незалежныя крыніцы інфармацыі з месца падзеяў, бо зразумела, што заявы расейскіх вайскоўцаў смеху вартыя. І, па шчырасці, да заяваў украінскай арміі трэба ставіцца асцярожна, бо на любой вайне існуе патрэба падбадзёрыць сваіх і запужаць ворага, гэта звычайная частка. Таму сапраўды складана сказаць, што там адбываецца, ці ў якой якасці там удзельнічалі беларускія часткі, бо ўжо бачылі шмат фэйкаў пра гэта. І ў пэўнай ступені гэтыя фэйкі небяспечныя тым, што, калі мы ў дзясяты раз чуем удзел беларускіх вайскоўцаў, у нас у чарговы раз будзе думка, што гэта такі ж фэйк, як і мінулыя дзесяць разоў. І калі беларускія вайскоўцы сапраўды ў чымсьці паўдзельнічаюць, то таксама гэтаму спачатку не будзе веры.
Таму ў такіх сітуацыях я б чакаў нейкіх зразумелых фота, відэа-доказаў, і таксама, калі яны будуць, потым разбору вайсковых экспертаў, якія б маглі сведчыць, што абмундзіраванне, тэхніка сапраўды належаць да беларускай арміі. І, вядома, нейкіх прызнанняў з беларускага боку. Бо, напрыклад, ракетныя ўдары з тэрыторыі Беларусі Лукашэнка ўжо прызнаў.
Пакуль няма такіх дакладных сведчанняў, я б засцярогся казаць ёсць ці няма беларускага ўдзелу і ў якой ступені.
РР : Так. Але ж Аляксандру Лукашэнку многія не вераць. Але ён на сваім тэлеграм-канале вельмі доўга, аж восем хвілінаў, запэўніваў, што Беларусь ніякім чынам не ўдзельнічае ў гэтай вайне. Рэальна можа быць так, што Беларусь не зусім хоча ўдзельнічаць у гэтай вайне, а знаходзіцца пад прымусам Пуціна?
Вадзім Мажэйка: Менавіта так яно і ёсць. Нават калі не казаць з гуманітарнага пункту гледжання, ці казаць з пункту гледжання беларускіх патрыётаў, а нават з пазіцыі Лукашэнкі, не можа быць ніякага жадання ў такой вайне ўдзельнічаць, бо дзеля чаго, які ў гэтым сэнс?
Рэжым Лукашэнкі ніякіх бенефіцый ад такой вайны не выйграе. Лукашэнка не мае імперскіх амбіцый, каб ваяваць з Украінай. Нават з пункту гледжання беларускай прапаганды народу гэта таксама не прадасі. Бо расейская прапаганда – імперская, яна прадае людзям, маўляў, там ва Украіне – фашысты, а значыць што – мы мусім туды прыйсці і ўсё выправіць. А беларуская прапаганда заўсёды была накіраваная на іншае. Яна заўсёды казала, што няхай там ва Украіне фашысты, нейкі майдан. А гэта што значыць? Гэта нам не трэба, не трэба нам рэвалюцый. То бок ніколі не было пасылу, што трэба Беларусі туды ўварвацца. Таму нават ідэйна Лукашэнка свайму электарату гэта прадаць не зможа.
І калі ўжо сказалі пра прадасць. Лукашэнка выдатна гандляваў з Украінай пасля 2020 года і нафтапрадуктамі, і энерганосьбітамі, і беларускім бітумам. Мы бачылі расследаванні ўкраінскіх медыя наколькі ўзрос экспарт беларускага бітуму ва Украіну. Таму ў гэтым сэнсе Лукашэнка быў бы зацікаўлены ў такім прагматычным развіцці адносінаў з Украінай, а ніяк не ў вайне.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя