Вадзім Пашкевіч не выйшаў на волю



Грамадскі актывіст з Бярозы Вадзім Пашкевіч, якога 2 ліпеня пасля вобшуку бярозаўскія міліцыянты забралі як сведку ў ізалятар часовага ўтрымання на 72 гадзіны да суду, да гэтага часу не выйшаў на волю. 

Вадзім Пашкевіч з жонкай Алесяй

У пастанове на вобшук ён праходзіў як сведка па размаляваным патрыятычнымі лозунгамі аўтобусным прыпынку. Як удалося высветліць яго жонцы Алесі, пасля першых 72 гадзін яго вызвалілі і паўторна змясцілі ў ізалятар па нейкай ужо іншай справе на 72 гадзіны.

Кажа жонка Вадзіма Пашкевіча Алеся:

 –  Самае цікавае, што я праглядала кодэксы і не знайшла нідзе гэтага абмежавання, колькі разоў запар можна затрымліваць на 72 гадзіны. То бок гэта нават нідзе не прапісана. І пры іх фантазіі, іх “прафесіяналізме” ўвогуле чалавека можна трымаць некалькі год. Кожны раз прыдумляць нейкае трызненне і ўжываць яго, праз 72 гадзіны не пацвярджаць і зноўку саджаць людзей. Вось такая шчыліна ў законе.

Паводле Алесі Пашкевіч, 8 ліпеня а 14 гадзіне заканчваюцца паўторныя 72 гадзіны затрымання Вадзіма перад судом. Невядома, ці адбудзецца суд па нейкай справе, ці адпусцяць дадому, ці працягнуць на новыя 72 гадзіны.

Беларускае Радыё Рацыя