Вадзім Пракапчук: Асноўнай турыстычнай разынкай будуць беларускія святы
Адраджаць беларускія абрады, праводзіць свята вёскі, ладзіць фестывалі плануюць на Берасцейшчыне ў межах праэкту USAID пры праграме развіцця ААН “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”.
На дадзены момант па берасцейскай вобласці ўжо падтрымана 13 міні-праэктаў для ўладароў аграсядзібаў і людзей зацікаўленых у развіцці такой формы бізнэсу.
Каардынатар праэкту па берасцейскай вобласці Вадзім Пракапчук падкрэсліў, што важна павялічваць пазнавальнасць аграсядзібаў і справаў звязаных з імі праз культурніцкі сектар:
– Аб’яднаць людзей, даць магчымасць ім не толькі працаваць, але і размаўляць разам і святкаваць разам… Прыходзіць новы этап так званай фестывальнай Беларусі, святочнай Беларусі, калі асноўнай разынкай турыстычнай будуць менавіта святы. Чаму не? Гэта вельмі цікавая тэма.
Асноўнаю мэтаў праэкту з’яўляецца павелічэнне колькасці аграсядзібаў у Берасцейскай і Гарадзенскай вабласцях і павелічэнне іх турыстычнага патэнцыялу .
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце