Вадзім Саранчукоў: Адсвяткуем Дзень Канстытуцыі ў незалежнай дзяржаве



15 сакавіка ў Беларусі адзначаюць Дзень Канстытуцыі.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць, што ў Беларусі – Канстытуцыя “не працуе”:

– Ёсць такая крылатая фраза, што Канстытуцыя – гэта асноўны закон дзяржавы. На жаль,  у нашай краіне так не з’яўляецца, тут можна праводзіць паралель нават і з выбарчым кодэксам, не важна, што напісана ў кнізе, важна, як яно выконваецца. Тэарэтычна ў нас у Канстытуцыю закладзена свабода сходаў, такой свабоды на сёння няма. У Канстытуцыю закладзена недатыкальнасць асобы, недатыкальнасці няма.    

 Палітык лічыць, што зараз святкаваць Дзень Канстытуцыі – недарэчна, а ўносіць змены – несвоечасова:

– Што тычыцца тых працэсаў, якія ідуць зараз вакол Канстытуцыі, я абсалютна перакананы, што ўносіць на сённяшнім этапе, падчас прававога бязмежжа, нейкія змены ў асноўны закон проста недапушчальна. Мне падаецца, што на сёння трэба пакідаць яго ў тым выглядзе, у якім ёсць, пакуль сітуацыя не ўладкуецца і не вырашыцца той канфлікт у грамадстве, які ёсць цяпер. Безумоўна, у прававой дзяржаве Дзень Канстытуцыі – вельмі важны дзень і, безумоўна, яго будзем адзначаць тады, калі яна сапраўды будзе гарантавана дзяржавай па ўсіх пунктах, прынятых народам.

Свята Дзень Канстытуцыі адзначаецца ў Беларусі на афіцыйным роўні і звязана яно з тым, што ў 1994-м годзе – 27 гадоў назад быў прыняты Асноўны закон краіны.

Беларускае Радыё Рацыя