Вадзім Саранчукоў: Да акцый трэба рыхтавацца за некалькі месяцаў



У апазіцыйных палітычных партый узнікаюць пытанні аплаты міліцыі за вулічныя акцыі. Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць, што, каб збіраць вялікія сумы, да акцый трэба рыхтавацца за некалькі месяцаў.

Калі ставіцца задача правесці вулічную санкцыянаваную акцыю, трэба збіраць гэтыя грошы, калі ўжо прынята такое рашэнне. І збіраць за некалькі месяцаў як мінімум для таго, каб гэтая кампанія па зборы грошай была паспяховай. Усё залежыць ад таго, якую задачу ставяць перад сабой арганізатары. Калі гэта нешта санкцыянаванае, павінна прайсці з дазволам дзяржаўнай адміністрацыі, то тады трэба збіраць.

Палітык упэўнены, што гэтую норму – збору грошай за ахову правапарадку – трэба адмяняць.

Абсалютна перакананы, што сама гэтая норма – антыканстытуцыйная і павінна быць адменена, бо грошы за ахову, за медыцыну кожны беларус плаціць праз свае падаткі, і ніякіх дадатковых збораў быць проста не павінна. Таму, безумоўна, па-першае, норма павінна быць адмененая, і прыкласці да гэтага ўсе намаганні – задача кожнай арганізацыі і кожнага актывіста. Па-другое, трэба ўважліва і ўзважана падыходзіць да мэтаў і задачаў, якія стаяць перад кожным мерапрыемствам.

Палітык узгадаў, што менавіта з-за адсутнасці фінансаў на ахову правапарадку быў адменены традыцыйны «Чарнобыльскі шлях», які ладзіўся ў Менску больш за 20 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня