Вадзім Саранчукоў: Медалём узнагародзілі ўсю каманду БНР-101



Намеснік старшыні Партыі БНФ, кіраўнік гарадзенскай абласной структуры партыі лічыць, што медаль Віктара Івашкевіча, якую ўручылі яму 27 ліпеня 2019 года за правядзенне акцыі БНР-101 – гэта ўзнагарода для ўсёй вялікай каманды:

– Перш за ўсё гэта, канешне, прызнанне супольнай працы каманды гарадзенцаў, менчукоў і берасцейцаў, і гомельскіх, усіх людзей, якія прынялі ўдзел у падрыхтоўцы. Мы мелі вельмі абмежаваны час у падрыхтоўцы, менш за тыдзень. І тая каласальная праца, якую мы здолелі зрабіць, здолелі не перасварыцца, здолелі зразумець адзін аднаго, яна была адзначаная гэтым знакам.

Для Сяргея Верамеенкі, прадстаўніка БХД у камандзе БНР-101, узнагароджанне медалём Віктара Івашкевіча было вялікай нечаканасцю:

– Для мяне асабіста гэта быў сюрпрыз, дзіўны сюрпрыз, але не хаваю, вельмі прыемны. Дзякуй вялікі, што нас узнагародзілі гэтым знакам. Я думаю што, сапраўды, гэта заслужылі ўсе і ўся наша каманда. І гэта чарговы раз паказвае, што ўсе добрыя справы робяцца вялікай грамадой аднадумцаў, людзей, якія з’яўляюцца патрыётамі нашай Бацькаўшчыны, нашай Беларусі. Дзякуй вялікі!

Гарадзенская каманда разам з прадстаўнікамі іншых гарадоў здолела сабраць на свята да 101-ай гадавіны БНР 23 сакавіка ў Калоскім парку каля пяці тысяч наведнікаў і гасцей горада. Гэтае свята было адным з самых шматлюдных мерапрыемстваў да ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў гісторыі горада.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com/saranchukou