Вадзім Саранчукоў: Склалі каля двух дзясяткаў скаргаў
Прадстаўнікі гарадзенскай абласной арганізацыі БНФ падводзяць вынікі ўдзелу партыі ў выбарчай кампаніі 2015 года. Сябры БНФ спачатку ўдзельнічалі ў кампаніі Тацяны Караткевіч, а на апошнім тыдні выбарчай гонкі – толькі ў назіранні ад ініцыятывы “Права выбару-2015”. Вадзім Саранчукоў лічыць гэтыя выбары фарсам:
– Кампанія, якая скончылася, назваць яе выбарамі, мякка кажучы, язык не паварочваецца. Тое назіранне, якое партыя БНФ праводзіла падчас датэрміновага і асноўнага галасавання толькі пацвярджае класічныя парушэнні падчас падліку галасоў. Зноў назіральнікі не бачуць бюлетэні, не ведаюць, адкуль бяруцца лічбы, запісаныя ў пратакол. Камісіі створаны без удзелу нашых людзей. Таму казаць, што кампанія мае нейкую вялікую адметнасць ад папярэдніх кампаній – не выпадае. Усё прайшло пад кантролем і без удзелу як палітычных апанентаў, так і грамадства.
Назіральнікі ад гарадзенскага БНФ падчас кампаніі склалі каля двух дзясяткаў скаргаў на парушэнне выбарчага заканадаўства. Праца камісіяў трывае яшчэ тры дні ад дня завяршэння выбараў. Незалежныя назіральнікі маюць права яшчэ падаць скаргі да вечару 14 кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя