Вадзім Саранчукоў: Справа – надуманая, якая не знаходзіцца ў прававым полі
29 лістапада 2022 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пакінуў у сіле прысуды па так званай «справе змоўшчыкаў», сярод асуджаных знаходзіцца і кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Гэтае рашэнне каментуе яго намеснік, цяпер выканаўца абавязкаў кіраўніка Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– З самага пачатку гэтая справа не ляжыць у прававым полі. Тыя абвінавачванні, якія выстаўлены, яны выдуманыя, не адпавядаюць ні духу права, ні літары закона. Таму ў мяне не было спадзяванняў на тое, што прысуд будзе зменшаны, ці адменены. Яшчэ раз паўтаруся, я не лічу ні Рыгора Кастусёва, ні астатніх вінаватымі па гэтай справе, лічу, што гэта ўсё выдуманая справа, якая не знаходзіцца ў прававым полі.
Па словах Вадзіма Саранчукова, з Рыгорам Катусёвым вельмі кепская камунікацыя:
– На жаль, кантакты вельмі абмежаваныя. Ведаем дакладна, што падаўляючая большасць лістоў да Рыгора не даходзіць. Цяжка сказаць, якія лісты даходзяць з таго боку. Ёсць камунікацыя з сям’ёй, але гэта бадай што адзіны сродак камунікацыі, які на сёння ёсць. Яшчэ раз паўтаруся, на жаль, уся сістэма пабудаваная такім чынам, каб максімальна абмежаваць доступ да інфармацыі як адтуль, так і туды.
Нагадаем, што 5 верасня 2022 году суддзя Уладзімір Арэшка прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым і прысудзіў яму 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 29 лістапада Вярхоўны суд пакінуў прысуд палітвязню ў сіле.
Беларускае Радыё Рацыя