Вадзім Саранчукоў судзіцца з тэлерадыёкампаніяй „Гродна”



Вадзім Саранчукоў будзе бараніць у судзе свой гонар і годнасць. Справу старшыні гарадзенскай рады „Партыі БНФ” будзе разглядаць суд Ленінскага раёну Гародні. Тэрмін адказу на скаргу ў абласную пракуратуру вычарпаны. Скарга тычыцца зневажальнага фільму ў адрас Саранчукова і некаторых іншых мясцовых грамадскіх актывістаў. Фільм выйшаў у этэры тэлерадыёкампаніі „Гродна”.

Саранчукоў тлумачыць:

– Падчас разгляду справы аб нанясенні шкоды дзелавой рэпутацыі будзе неабходна даказаць сам факт распаўсюду інфармацыі з майго боку. Гэты факт даказаць вельмі проста – фільм па-ранейшаму знаходзіцца ў інтэрнэце, а таксама быў паказаны ў этэры. Я лічу, што маёй дзелавой рэпутацыі нанесена шкода, і згодна з юрыдычнай практыкай, тэлерадыёкампанія павінна даказваць, што тыя звесткі, якія яна выкарыстала, праўдзівыя і адпавядаюць рэчаіснасці, што на самой справе абсалютна не так.

Толькі такім чынам, праз суд, Вадзім Саранчукоў даведаецца, хто аўтар гэтай публікацыі. Бо ў судзе прадстаўнікі тэлерадыёкампаніі” Гродна” не здолеюць яго схаваць.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя