Вадзім Саранчукоў: улады спрабуюць гуляць у шахматы па сваіх правілах



Кіраўнік Партыі БНФ па Гарадзеншчыне Вадзім Саранчукоў упэўнены, што ўлады Беларусі замест таго, каб ісці на дыялог – гуляюць у шахматы па сваіх правілах.

Кажа Вадзім Саранчукоў:

– Для мяне гэта выглядае як гульня ў шахматы, выкарыстоўванне фігур. З аднаго боку ідзе куча заяваў пра тое, што давайце пачынаць дыялог, нейкія ініцыятывы па рэфармаванні Канстытуцыі з боку Аляксандра Лукашэнкі. З другога боку, адбываюцца жорсткія разгоны і затрыманні мірных пратэстоўцаў. Гэта перакладванне сітуацыі з адной кішэні ў другую. Не вырашэнне канфлікту, а спроба нейкім чынам пераключыць увагу з адной праблемы на другую, нейкае перацягванне, ператусоўванне розных ініцыятыў, якія ўзнікаюць у галаве адміністрацыі.

Палітык упэўнены, што ўлада, замест таго, каб пайсці на дыялог, дзейнічае гвалтам, затрымлівая адміністратараў тэлеграм-каналаў.

– Увогуле мэсэнджэры, каналы, групы – гэта акурат дыялогавыя пляцоўкі, там дзе людзі збіраюцца, камунікуюць паміж сабой, шукаюць нейкія новыя ідэі, новыя прапановы. Увогуле змаганне з гэтым – не прывядзе, па-першае, ні да чаго, бо спыніць гэта немагчыма, але менавіта праз гэтую камунікацыю з актыўнымі людзьмі можна было б выбудоўваць нейкі дыялог паміж гарадской адміністрацыяй, рэспубліканскай адміністрацыяй і грамадствам. Таму, мне здаецца, што гэта вельмі недальнабачны крок – як увогуле ўся сітуацыя развіваецца ў Беларусі зараз.

Па словах палітыка Вадзіма Саранчукова, гвалтоўныя метады могуць толькі ўзняць яшчэ большыя хвалі пратэсту сярод жыхароў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя