Вадзім Саранчукоў: За 50 дзён краіна вельмі змянілася
Гарадзенец, намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць, што за 50 дзён змагання ў краіне адбыліся вялікія змены.
Кажа Вадзім Саранчукоў:
– Грамадзяне Беларусі не прызналі тыя вынікі, якія былі абвешчаны Лідзіяй Ярмошынай. І Аляксандр Лукашэнка не прызнаецца беларускім грамадствам легітымным прэзідэнтам. Вось гэтае абурэнне і выліваецца ў штодзённыя акцыі пратэсту, непадпарадкаванне, забастоўкі, стачкі. Гэтыя змены ўжо адбыліся. Людзі аўтаматычна прынялі нацыянальную сімволіку – сімволіку сваёй краіны, сваёй справы, сваёй перамогі.
Палітык лічыць, што ў Беларусі ўсё будзе мяняцца вельмі хуткімі тэмпамі.
– Адзінае, што я хацеў бы адзначыць тую цвёрдасць, якую дэманструюць людзі. Тое, што раней ціхенька абмяркоўвалася на кухнях, зараз абмяркоўваецца ледзь не пад кожным пад’ездам. Гэты пералом у галовах у людзей, мне здаецца, самы важны вынік гэтага году. На самой справе ўсё павінна змяніцца па ўсёй краіне, я абсалютна перакананы, што альтэрнатывы перамоўнаму працэсу і адхіленню Аляксандра Лукашэнкі ад улады на сённяшні дзень няма.
Па словах Вадзіма Саранчукова, усе дэмакратычныя арганізацыі Гародні аб’яднаныя і яны збіраюцца падаваць заяўку на вялікую акцыю дэмакратычных сілаў у горадзе.
Беларускае Радыё Рацыя