Ваенкамат не гатовы выдаць грамадзянам зброю, якую абяцаў Лукашэнка



Ваенкамат па-свойму тлумачыць словы Аляксандра Лукашэнкі і не гатовы выдаць грамадзянам зброю, калі спатрэбіцца. Гарадзенскі гарадскі ваенкамат адказаў на ліст Міколы Саляніка , дзе той спытаўся, калі зможа атрымаць сваю зброю, згодна з выказваннем Лукашэнкі пра выдачу зброі ў кожную сям’ю, для абароны Бацькаўшчыны.

Адказ  вайсковага камісарыяту аказаўся не па сутнасці пытання, хаця цэлую старонку з двух аркушаў заняла цытата Лукашэнкі. Кажа Мікола Салянік:

– Мы хацелі паказаць абсурднасць выступлення нашага шаноўнага прэзідэнта. Ён – гарант Канстытуцыі. І калі ён гэта гаворыць, значыць службовыя асобы мусяць выконваць указанні. Тады атрымліваецца, альбо гэта сказана чалавекам, якога не паважаюць і не збіраюцца выконваць ягоныя ўказанні, альбо гэта сабатаж дзяржаўнымі органамі на месцах.

Гарадзенец не пакіне сваё пытанне без адказу і будзе дамагацца ад абласнога вайсковага камісарыята пісьмовага тлумачэння, калі ён, як грамадзянін краіны, зможа атрымаць зброю, якую абяцаў кіраўнік дзяржавы, альбо ясна патлумачыць прычыну адмовы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня