Вагнераўцы навучалі пад Берасцем мясцовых дэсантнікаў
Берасцейскія дэсантнікі гэтымі днямі праходзяць падрыхтоўку з удзелам наймітаў з групы „Вагнер”, паведаміў тэлеканал „Беларусь 1” са спасылкай на Мінабароны Беларусі.

„Пад Берасцем ідзе падрыхтоўка падраздзялення 38-й Берасцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Гвардзейцы вывучаюць мінна-выбуховыя загароды, тактычную медыцыну, аказанне першай дапамогі і самадапамогі пры розных агнястрэльных раненнях.
Таксама пры падрыхтоўцы байцы актыўна выкарыстоўваюць досвед „СВА”. Як адзначаюць спецыялісты, сёння гэта неад’емная частка навучання для паспяховага функцыянавання Узброеных сіл”, — гаворыцца ў паведамленні.
Досвед „СВА” (эўфемізмам „спецыяльная ваенная аперацыя” расейскія і лукашэнкаўскія прапагандысты называюць захопніцкую вайну Расеі супраць Украіны) перадавалі берасцейскім дэсантнікам нядаўнія непасрэдныя яе ўдзельнікі.
