Вайна, грошы і голад



Трэцяя сусветная вайна ідзе поўным ходам. Мае яна і будзе мець характар мілітарнага, адкрытага сутыкнення, так як зараз у выпадку расейскай агрэсіі на Украіну, і адначасна будзе адбывацца ў нябачных звыклым людзям дыпламатычных, фінансава-эканамічных, цывілізацыйна-культурных вымярэннях. Справа ідзе пра чарговы перападзел свету і вызначэнне новых, геастратэгічных дамоўленасцей паміж умоўна Азіяй і яе лідарам Кітаем, Блізкім Усходам, Злучанымі Штатамі Амерыкі, Расеяй ды састарэлай дэмаграфічна і безыдэйнай Еўропай. А ўсё ў аблозе чалавечых мазгоў медыяльнай дэзынфармацыяй, як сёння папулярна гаворыцца фэйкамі, псіхалагічным ціскам і выкліканнем гэтым самым жахаў і страхаў у звыклых людзей дзеля падтрымкі палітычных мэт завадатараў канфлікту. Менавіта жах і страх, а проста гаворачы чалавечыя трагедыі, гэта таксама і тое брутальнае «чалавечае мяса», якое неабходнае для іхніх планаў і пераваротаў. Таму брутальна гаворачы, украінцы пакінуты ваяваць сам на сам з расейскім нападнікам без асноўнай дапамогі – аховы ўкраінскага неба перад самалётамі, бомбамі, ракетамі ворага. Адтуль такія трагедыі цывільнага насельніцтва краіны і ўсёй яе інфраструктуры. Больш за чатыры мільёны ўцекачоў з роднай зямлі – гэта ж такія вялікія дэмаграфічныя патраты. І не веру, што ўсе ўцекачы вернуцца.

Усе звычайныя людзі поўныя пашаны і павагі для гераізму ўкраінскага народа і яе арміі ў змаганні з усходнім палітычна-ядзерным гігантам. Якое вымярэнне прымуць далейшыя ваенныя дзеянні – нам не прарочыць. Вядома толькі адно, што пуцінская Расея будзе рабіць усё, каб дасягнуць поспехаў да сімвалічнага 9 мая – Дня перамогі Савецкага Саюза. Якім коштам патрат для Украіны і саміх расейскіх вайскоўцаў – гэта, як відаць, не было прадметам клопату і ў час Другой сусветнай вайны, не ёсць і зараз. Але калі глянуць на карту падзей і ўлічыць тое, што гаворыць гераічны ўкраінскі прэзідэнт Володымыр Зэленскі, зараз відавочнай мэтай акупантаў з’яўляецца ўзяць поўнасцю пад сваё панаванне Данбас, які разам з Луганшчынай і Данецкам з’яўляецца гаспадарча-прамыслова-гандлёвым сэрцам дзяржавы. Панаванне над прамысловасцю так важнага рэгіёна і марскімі партамі кшталту Марыупаля, Адэсы, праз якія экспартавалася ў свет прадукцыя металургічнай прамысловасці і збожжа, гэта фактычна неверагоднае валютнае збядненне і прыніжэнне ўкраінскай дзяржаўнасці, закрыццё яе акна на свет хаця б у кітайскім напрамку. А калі гэта мае ўсё працаваць на Расею, дык расейскі круг крамлёўскіх ваенных ястрабаў і іхніх алігархаў атрымае неверагодныя грошы ў свае прыватныя скарбонкі. Дзеля такога прыбытку можна паслаць на смерць беднякоў – маладзёнаў з правінцыйнай Расіі, для якіх узровень жыцця звычайных, мірных украінцаў аказаўся неўяўляльным багаццем і нагодай для «трафейнага» марадзёрства. Тады адным шмоткі, мікрахваля і ўсё зрабаванае стала цаной, узнагародай за вечную ганьбу і рызыку смерці, другім – цыгара, маёмасць партоў, шахт, металургічных заводаў, фабрык, чыгунак, натуральныя багацці ўкраінскай зямлі і тыя, што на ўраджайных чарназёмах растуць на хвалу і славу земляробаў.

Прыгадайма толькі даныя наконт украінскай аграрнай сілы. Краіна з’яўляецца пятым на свеце экспарцёрам пшаніцы, чацвёртым кукурузы, трэцім ячменю і найбольшым вытворцам сланечнікавага алею. Да таго яе значны ўдзел у сусветнай вытворчасці рапсу, арэхаў, гароху, проса, мёду, пшанічнай мукі. У выніку вайны, як лічаць эксперты, абшар пасяўных палёў як мінімум зменшыцца на трыццаць адсоткаў. А калі далічыць усе знішчэнні, міны, разбураную інфраструктуру, недагледжаныя і ненагноеныя на час ураджайныя палі, то дзяржава страчвае на карысць канкурэнцыйнай Расеі важны элемент сваёй унутраннай бяспекі.

З самага пачатку Пуцін і яго марскі флот прыступілі да блакады ўсіх украінскіх партоў на Чорным моры, каб не дапусціць да вывазу збожжа ў патрабуючыя харчоў рэгіёны Блізкага Усходу, Афрыкі, Азіі. Спыненне ланцуга паставак пагражае голадам і смерцю цэлым бедным рэгіёнам згаданых тэрыторый. Затым трэба спадзявацца чарговай хвалі эканамічных уцекачоў у багацейшыя краіны, якія будуць проста ратавацца перад самай трагедыяй смерці на сваіх месцах пражывання.А таксама ростам цэнам на асноўныя прадукты харчавання ў другіх краінах. Хопіць зараз глянуць на маланкавы рост цэнаў у нашых крамах і задумацца да чаго гэта можа прывесці сытых да гэтай пары еўрпейцў. Перманентны міграцыйны крызіс ваеннага і эканамічнага кшталту гэта аж надта відавочная, адна з прымяняных дыктатарамі метадаў палітычнага тэрарызму. У заложнікі такім чынам трапляюць народы, дзяржавы, кантыненты.Ці ў змозе даць яны адпор і такой агрэсіі?

Яўген Вапа

Ніва № 15 2022г