Вайскоўцы пачнуць раскопкі масавага пахавання ля Краснага



На месцы забытага масавага пахавання часоў ІІ Сусветнай вайны пад Гомелем пачне працу пошукавы батальён Міністэрства абароны Беларусі. Вайскоўцы будуць займацца раскопкамі ля мястэчка Краснае.

У гады нямецкай акупацыі тут праходзіла частка супрацьтанкавага рову, у якім знайшлі апошні спачын ваеннапалонныя з канцлагера Дулаг-121 і цывільныя грамадзяне. Жыхар Краснага Уладзімір Котаў зазначае, што вайскоўцы з 52-га Віцебскага батальёна ў пачатку года праводзілі выведчую працу на месцы былога супрацьтанкавага рову.

Прыязджала выведка з батальёна, зрабілі пробны агляд: зрабілі шурфы і праверылі, што гэта насамрэч праўдзівая інфармацыя. Бо часта батальён выязджае на такія месцы, а там можа быць іншае пахаванне, напрыклад, скотамогільнік. Таму ўсю гэтую інфармацыю яны павінны праверыць. Гэта, хіба, вялікі выдатак для дзяржавы, таму яны прыехалі, упэўніліся, некалькі дзён працавалі.

У пачатку 2017 года на калгасным полі ля мястэчка Краснае, што пад Гомелем, быў усталяваны драўляны крыж. Гэтак мясцовыя жыхары абазначылі месца масавага пахавання. Знайсці невядомую магілу дапамаглі нямецкія аэрафотаздымкі часоў ІІ Сусветнай вайны, якія за ўласныя сродкі набыў жыхар Краснага Уладзімір Котаў на амерыканскім аўкцыёне.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота kp.by