Вайскоўцы падалі ў суд на Пружанскі райвыканкам



У Берасцейскай вобласці адбыўся суд па пазове вайскоўцаў да Пружанскага райвыканкаму. Падставай стаў прызыў на ваенную службу хлопца, якога пазней прызналі непрыдатным, паведамляе „Першы рэгіён”.

Справу разглядалі ў Эканамічным судзе вобласці. Суму шкоды вайскоўцы з галоўнага ваеннага клінічнага медцэнтра Узброеных Сіл Беларусі ацанілі ў 3 тысячы 396 рублёў. Гэта сума, у якую абышлося стацыянарнае абследаванне прызыўніка ў клініцы. Пасля абследавання хлопца тэрмінова звольнілі ў запас.

Цэнтральная ваенна-лекарская камісія Узброеных Сіл устанавіла, што малады чалавек не падлягаў прызыву на тэрміновую ваенную службу па стане здароўя. Прызывала маладога чалавека і прызнавала прыдатным да службы Пружанская раённая прызыўная камісія.

Прадстаўнік райвыканкама, які прадстаўляў у судзе інтарэсы адказчыка, з довадамі другога боку пагадзіўся, прапанаваў урэгуляваць спрэчку і пакрыць суму шкоды.

Беларускае Радыё Рацыя