Вакульчык: Яшчэ не ўся агучана інфармацыя аб карупцыйных выкрыццях



Грамадскасці на гэты момант дадзеная яшчэ не ўся інфармацыя аб зробленых Камітэтам дзяржбяспекі карупцыйных выкрыццях, у тым ліку ў медыцынскай сферы, паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык 28 чэрвеня журналістам у Савеце Рэспублікі.

„Натуральна, што па гэтых пытаннях следства працягваецца, і тую інфармацыю, якую маглі, мы далі, — сказаў Вакульчык. — Зараз уся праца, аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы скіраваныя на поўны, усебаковы разбор па гэтых матэрыялах. Вядома, гэта зойме досыць доўгі час. Я так думаю, двума-трыма месяцамі мы ў найлепшым выпадку [абмяжуемся], таму што аб’ём працы ў следчых вельмі вялікі”.

Паводле слоў кіраўніка КДБ, апублікаваная інфармацыя не мае вычарпальнага характару. „Інфармацыя будзе дапаўняцца. Па меры магчымасці мы будзем яе падаваць. Пытанняў там дастаткова шмат, кожны эпізод трэба даследаваць і даказваць. Там жа не толькі адзін чалавек, і па кожным шэраг эпізодаў”, — заявіў ён.

Адказваючы на пытанне пра далейшы лёс знятага з пасады за апекаванне незаконным сямейным бізнесам міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка, Вакульчык паведаміў, што ён не затрыманы і не знаходзіцца пад следствам.

25 чэрвеня Вакульчык паведаміў аб выкрыцці маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя. „За здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 430 (атрыманне хабару), 431 (даванне хабару) і 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) КК затрыманыя, заключаныя пад варту, а таксама выкарыстаныя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 33 службовых асоб, а ўсяго — больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі, супрацоўнічаюць са следствам”, — сказаў кіраўнік КДБ.

belapan.by