Вядомая ў мінулым расейская балерына Анастасія Валачкова падвергнулася стараннаму мытнаму дагляду пры прылёце ў Турцыю, паведаміла яна ў сваім акаўнце ў Instagram.
Анастасія Валачкова
„Мяне ледзь было не арыштавала турэцкая мытня пры атрыманні багажу. А прычынай усяму мая натуральная спагадлівасць”, – напісала Валачкова.
Паводле яе слоў, мытнікі ўбачылі ў багажы балерыны кансервавыя бляшанкі і выказалі здагадку, што ў іх знаходзіцца ікра ды іншыя забароненыя да ўвозу ў краіну прадукты.
Паводле інфармацыі Валачковай, на самой справе ў валізцы ляжалі дзесяць слоікаў кансерваў (шпроты і кілька), а таксама пяць боханаў барадзінскага хлеба – іх балерына везла сваім сябрам з гатэля Акка.
Інцыдэнт скончыўся спакойна – Валачкову адпусцілі. Па словах артысткі, яе выратавалі пуанты, фірмовыя футболкі а-ля Валачкова і тое, што супрацоўнікі мытні „таксама людзі і ходзяць на канцэрты”.