Валадарства фермерскай дынастыі Корсакаў у Вайтэлях
Паводле надрукаваных вынікаў года, адно фермерскае сямейства Корсакаў дало сёлета са сваіх палеткаў ў раённую справаздачу аж 10 (!) адсоткаў збора зерне з ўсяе Маладзечаншчыны, дзе да двух дзесяткаў СВК з сотнямі рабочых. Яно складаецца з бацькі, 58-гадовага былога інжынера-механіка Кастуся ды сыноў Алеся і Андрэя, якім за 30. Апошнія, маючы вышэйшыя адукацыі эканамістаў-менеджэраў ды кватэры ў Менску, сышлі фермерстваваць ў родныя Вайтэлі разам з сем’ямі.
[Not a valid template]
…Сустрэчу з “галавой” дынастыі Кастусём Корсакам мы некалькі разоў пераносілі – як і ўсе фэрмэры, працуе, як тут кажуць, 25 гадзін на суткі. Хоць калі пабачыліся, з прывабнай самаўпэўненасцю чалавека, які трывала стаіць на нагах, ён сказаў мне:
Корсак:
– Я ў сельскай гаспадарцы з 82 года, не лічачы, што нарадзіўся. Я ведаю, калі можна спакойна ўздыхнуць на сяле. Няпраўда, што ай-яй-яй, ад цямна да цямна. Можна на два тыдні і на курорт з’ездзіць. Сена скасілі, хімпраполкі зробленыя, поле дагледжанае – ёсьць час!
І ўсё ж ён спяшаецца сказаць адразу пра галоўнае:
Корсак:
– Фермераў баяліся і будуць баяцца. Прафесіяналізму хутчэй за ўсё болей у нас. Можна пачытаць кніжкі, цяпер Internet, але як няма знутры прызвання, ня будзе толку. Зверху паступае каманда дуралома якога-небудзь – тут сей авёс, тут кукурузу. А я ведаю, што тут бульбу, тут кукурузу, а не наадварот! І ніхто не прыляціць у 6 раніцы і на планёрку ці на селектарную нараду не пагоніць.Таму фермераў не любяць вертыкальшчыкі. І баяцца, калі назваць усё сваімі імёнамі. Што такое аддаць зямлю? Я ж яе не вывезу, яна нідзе не дзенецца. І ў мяне карані пушчаныя, што не выкарчаваць. Але я буду гаспадаром! Я не буду сядзець і думаць, з чаго плаціць заробак. З выручкі! А ў іх цэлае райсельгасупраўленне, фінансавыя службы… Боязь выпусьціць уладу – вось што гэта!
Між іншым, як спецыяліст, 58-гадовы Кастусь заўжды цаніўся па вышэйшай шкале. Былы старшыня райвыканкаму, каб прадухіліць ягоны зыход з гаспадаркі, нават прапанаваў налічыць яму заробак у тысячу даляраў. Але Корсак ужо тады быў свядомым у сваім выбары. Маўляў, не мог жыць пад “дурным”начальніцкім прымусам. Калі проста нецікава…
Корсак:
– Калгасы – штучнае утварэнне пры камуністых. “А ўсё вакол калгаснае, усё вакол нічыё…” Сітуацыя. Прыходзіць чалавек на мехдвор. На чый двор ён прыйшоў? Хто тут гаспадар? Старшыня калгаса такі ж наёмнік. Сёння ён ёсць, заўтра яго з трэскам вымелі. Садзіцца гэты трактарыст на трактар – нічый! На чыё поле едзе? Нічыё! Нічыё насенне засявае. Паглядзіце ж на сотках у гэтых самых калгасных мэханізатараў што ёсьць – паглядзіце! Во дзе ўраджай сапраўдны. І гэтыя сродкі дзяржаўныя, што бухаюць, дык як у астраноміі – у чорную дзіру. У прыродзе дзе ўбыло, там прыбыло. А тут усё знікае і знікае…
У фермерстве ж праславутая калгасная “халява” не праходзіць. З зямлёй тут кожны сам-насам. Дый “добры дзядзька” зверху не тое што не дапаможа – будзе чыніць перашкоды. Таму выжываюць толькі мацнейшыя, даводзіць суразмоўца:
Корсак:
– Ну ёсць сярод фермераў такія, якіх бы лепш не было. Хто ідзе па няведанню, хто – 3 гады падаткаў не плаціць – хапнуў і сядзіць ціхенька. Зямля не любіць гэтага – не вытрымаеш адзін год тэхналогію, надта адрыгаецца. Зямлю не падманеш. Дзякуй богу, пазакрываліся і тыя, што прыйшлі на хвалі ільготных крэдытаў. Ёсьць у нас такія Гаўрыленкі – дагэтуль з банкам судзяцца, што не закрылі штосьці. А быў Козел – нахапаў зямлі, травой засеяў і людзям прадаў пад сенакос. Ніхто іх не ціснуў – гультаі! Крэдытаў было колькі хочаш у тыя часы – інфляцыя дапамагала іх з’ядаць. Нават для мяне – дарогу пабудавалі, вадаправод правялі, свая падстанцыя, тэлефонная сувязь… Корсакі маюць за 350 га зямлі з правам перадачы ў спадчыну, колькі жыўнасці. Салідны машынна-трактарны парк сельгастэхнікі. Адзіныя ў сваім жаданні ня жыць, як кажуць, “пад дурным начальніцкім прымусам”. Готовыя разам да пашырэння сямейнай фермерскай “рэспублікі”.
Рэтраспектыва.
Некалькі год сямейства Корсакаў прасіла дазволу падвоіць, а то й патроіць колькасьць арэндаванай зямлі. Балазе, побач ляжачы СВК імя Янкі Купалы. Дый 58 прэзыдэнцкі ўказ “Аб фермерскай гаспадарцы” не тое што дазваляе – прымушае мясцовыя ўлады спрыяць выдзяленню надзелаў у вольнае карыстанне з так званых “зямель запасу”. Але былы старшыня Маладзечанскага райвыканкама Касабуцкі казаў ім адкрыта: “у сваім калгасе зямлі такім, як вы не даваў, не дамо і тут.” Зрэшты, колькі год таму ўлады “згубілі пільнасць”. Аддалі Кастусю калгасны палетак, на якім з-за бур”яну і трактара не было відаць. Хай, маўляў, пакажа фермерскую спрытнасць. Тады ўпарты Корсак, кіроўца з 30-гадовым стажам, кульнуўся на бок на трактары з плугам, калі перад ім раптам з-за зарасніку ўзнікла насыпаная мяжа ў чалавечы рост. Але ў той жа год, ня гледзячы яшчэ й на буру, сямейства Корсакаў сабрала па 40 цэнтнэраў з га. Пра далейшае мой герой расказвае сам.
Корсак:
– Схадзіў да Касабуцкага з сынам – вось жа табе прэзыдэнцкая праграма затрымання моладзі на сяле. Ён: “з Янкі Купалы не дадзім, там МУС РБ будуць шэфы”. Хваліцца – тры мільярды ўбухалі. Кажу: хай “эмвэдзяць” у сваёй сферы! У нас не 37 год, што НКУС кіруе ўсім. А хто ім дае гэтыя мільярды? Яны ж не вытворцы матэрыяльных каштоўнасьцяў! Яны ж нашы падаткі бухаюць у бездань. А хто ім даў такое права?! Дык хлопца – старшыню калгаса Купалы выкінулі. Ён мне наўпрост сказаў: “мне зверху пазванілі, каб нічога не падпісваць”. Пазорышча! “Пазвоняць – я табе хоць увесь калгас аддам…
***
Прыходзяць і радком сядаюць перада мной сыны- браты Корсакі. Я ўзгадваю расповед Кастуся пра выпадак з 10-гадовым Алесем, калі калгасная брыгадзірша ледзь не страціла прытомнасць – на яе поўнай хадой рухаўся трактар без кіроўцы. Алесь агучвае:
Алесь:
– Убачыў як бацька робіць на трактары на палетку, паказаў дзе што як і з першага разу ўсё атрымалася. У канцы палетку людзі па ягады-грыбы ходзяць і даносяць бацьку, што трактар на самакіраванні ходзіць, бо кіроўцы не відаць…” (смяецца )
РР: Адукацыя фінансавая ў фермерскай справе дапамагае?
Алесь: Вучыць шукаць інфармацыю. На электронны адрас можна які-небудзь рахунак аплаціць, у бацькі кліент-банк на ноўтбуку стаіць з электронным подпісам – аплачвае тавары, запчасткі, паліва, хімію. Эканомія часу! А 10 год таму выпісаў тавар у Віцебску, забіраеш плацёжку ў Маладзечна і зноў у Віцебск. На расейскіх форумах з фермерамі можна пагутарыць – ты ім пра сваё, у іх нешта ўзяць можна…
РР: 5 год таму, калі сустрэдіся ў першы раз, ваша мара была – зрабіць уласны мэхдвор. Ажыццявілася?
Андрэй: Практычна так, яшчэ б пару трактаркоў неблагіх! Паўнавартасная гаспадарка – 2 трактары 1221, 952-і ўзялі, два 82-х, 2 маленькіх 320-х трактароў, 2 добрых камбайна зернеўборачных, сеялкі, апырсківацелі, акучнікі новыя, касілкі…
Алесь: Складскіх памяшканняў няма, пад зернеачыстку дах трэба, каб вялікія машыны маглі заходзіць. Будзем развіваць мяса і малако – да сотні свіней…
РР: Колькі падсобных рабочых бераце?
Алесь: Калі і 10 хапае, калі і 50 не хваце – у сярэднім 20, у залежнасці ад ураджаю. Сёння сонца, заўтра буран…
РР: Пачалі ўжо гаварыць, што вы хочаце зрабіць…
Андрэй: Зернесховішча, кароўнік, а ў першую чаргу – склад, бо некалі 100 тон пшаніца ляжала…
РР: “Вы ўжо далейшае жыццё без фермэерства не ўяўляеце?
Андрэй: Не-а!
РР: “А на будучыя выбары прэзідэнцкія пойдзеце?
Андрэй: Калі час будзе, пойдзем. Пакуль нашага кандыдата няма!
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара