Валанцёраў штаба Бабарыкі асудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі
Суд Маскоўскага раёна Менска прысудзіў Ігара Ярмолава, Дзмітрыя Канапельку, Уладзіслава Карэцкага і Мікалая Сасева да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі тэрмін запытаў дзяржабвінаваўца Раман Бізюк. Прысуд вынесла суддзя Святлана Бандарэнка.
Аўтамабіль Kia Rio, які належыць аднаму з фігурантаў будзе канфіскаваны ў даход дзяржавы, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Пасля абвяшчэння прысуду Ігар Ярмолаў крыкнуў: «Вы за ўсё адкажаце!” – і прачытаў урывак з верша Уладзіміра Караткевіча «Паўлюк Багрым».
Ярмолаў, Канапелька, Карэцкі і Сасев – валанцёры штаба экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў і іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках.
Беларускае Радыё Рацыя