Валанцёрка: Харкаў зараз квітнеючы і прыгожы, але разбомбленыя будынкі выглядаюць жахліва



Жыхарка Берасця Аксана паехала валанцёрам ва Украіну. Бліжэй да мужа ўкраінца, які служыць у ВСУ. Спачатку яна дапамагала бежанцам на вакзале ў Львове, потым па асабістых справах прыехала ў Харкаў і зноў дапамагае людзям. Гаворыць Аксана:

– Я жыла ва Украіне практычна год, я выехала з Беларусі ў 2021 і Украіна для мяне другі дом, і таксама мае бацькі – украінцы. Я не магла спакойна сядзець і назіраць за тым, што адбываецца, я адчувала, што я патрэбна там і вырашыла ехаць, нягледзячы на тое, што было страшна, і дзейнічаць на месцы.

– Вы замужам за украінцам, які цяпер ваюе?

– Так, ён на кантракце, ужо два гады адслужыў, быў на Данбасе. Яму заставаўся год да заканчэння кантракта і вось пачалася вайна. Яму, як і мне, 23 гады.

– Вы не ў адным месцы знаходзіцеся?

– Ён пад Мікалаевым, а я ў Харкаве. Мы не бачыліся тры месяцы. Я прыехала сюды тры тыдні таму, дапамагала з гуманітаркай. Але цяпер пачалі інтенсіўна бамбіць Харкаў, таму цяпер я больш сяджу ў бомбасховішчы сяджу, мы на пару гадзін у дзень выязджаем у крамы ці па справах, таму не скажу, што зараз я карысная, хаця можа быць і карысная, я тут стрыгу людзей у бомбасховішчы, валасы растуць нягледзячы на вайну (смяецца – заўв.).

– А вы парыкмахер?

– Проста праходзіла курсы для сябе, пакуль вучылася на інязе, і вось спатрэбілася.

– Як цяпер выглядае Харкаў?

– Зараз вельмі квітнеючы, прыгожы, але кідаюцца ў вочы разбомленыя будынкі, асабліва ў цэнтры адміністрацыйныя будынкі – выглядае непрыгожа і жахліва. Я чула, што ў Харкаве засталося каля мільёна чалавек, а да вайны было каля 1,5, то бок адна траціна пакінула горад.

Цалкам гутарку можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:

Аксана верыць у перамогу сваёй другой Радзімы. Яны з мужам маюць планы на мірнае жыццё. А пакуль абое ўсё робяць для таго, каб Украіна перамагла расейскіх акупантаў.

Фота з архіва гераіні

Беларускае Радыё Рацыя