Валанцёрская служба “Вясны” з візітам у Гародні
Прадстаўнікі валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра “Вясна” навучалі ў Цэнтры гарадскога жыцця асновам правоў чалавека, распавядалі пра стварэнне Дэкларацыі правоў чалавека, 70–годдзе якой адзначалася 10 снежня.
Пра працу валанцёрскай службы кажа яе каардынатарка Анісія Казлюк:
– Валанцёрская служба была заснаваная ў 2012 годзе – атрымліваецца, што 6 гадоў яна існуе. У нас няма нейкай канкрэтнай мэтавай аўдыторыі. Мы не абмяжоўваем узрост людзей, якія могуць да нас далучацца і якіх мы прымаем на нашых мерапрыемствах. Але ў асноўным гэта моладзь да нас прыходзіць.
На думку аднаго з удзельнікаў сустрэчы, каардынатара “Гавары праўду” па Гарадзеншчыне Зміцера Бандарчука, такія сустрэчы вельмі патрэбныя маладому пакаленню:
– Я вельмі рады, што моладзь прыходзіць і валанцёрская служба маладая ўзростам. Верагодна, у гэтым ёсць нейкая сіла. І менавіта ў гэтай дэкларацыі, якой ужо 70 гадоў. Людзі, якім па 70 гадоў, якія ўсё жыццё пражылі з гэтай дэкларацыяй, на дэбатах, вядома, маюць свой пункт гледжання, але сіла ўсё ж у маладых.
Напрыканцы сустрэчы кожны з яе ўдзельнікаў атрымаў падарункавы варыянт Дэкларацыі правоў чалавека, перакладзены на беларускую мову.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня