Валанцёрскі рух у Беларусі расце



Маладыя людзі прапаноўваюць праваабарончаму цэнтру “Вясна” сваю бескарысную дапамогу ў абароне правоў чалавека. Камунікуе з валанцёрамі праваабаронца “Вясны” Наста Лойка.

Рэгулярнае прыцягненне дабравольных памочнікаў пачалося ў 2012 годзе пасля стварэння інфармацыі на сайце “Вясны”. Сталі больш працаваць з людзьмі, якія жадаюць аказваць дапамогу. Дапамога можа быць рознай, кажа Наста Лойка:

У нас не было мэты прыцягнуць тысячы людзей. Было цікава паглядзець, наколькі, у прынцыпе, ёсць жаданне ў маладых людзей далучацца да канкрэтнай дзейнасці. І тое, што насуперак адсутнасці афіцыйнай рэгістрацыі, нейкіх тэхнічных складанасцяў усё ж маладыя людзі прыходзяць і далучаюцца да такой валанцёрскай дзейнасці, аказваюць дапамогу, пры гэтым у дастаткова рызыкоўных умовах, асабліва калі назіраюць за акцыямі, судамі, дзе бываюць абсалютна розныя сітуацыі.

Паводле Насты Лойка, асаблівых бонусаў маладыя людзі не атрымліваюць. Але праца ў Валанцёрскай службе – гэта магчымасць знаёміцца, атрымліваць ад праваабаронцаў новыя веды і працаваць з рэальнымі сітуацыямі. Маладыя людзі пазнаёмяцца з аднадумцамі, з’явіцца магчымасць кантактаваць  з цікавымі людзьмі, набудуць пачуццё сяроўскага локця.

Беларускае Радыё Рацыя