Валанцёры з Гародні збіраюць рэчы для ўкраінскіх бежанцаў
Гарадзенскія валанцёры ініцыятывы „Гуманітарны маршрут „Беларусь-АТО” сабралі вялікую колькасць рэчаў для бежанцаў з Данбаса, якія зараз жывуць на Чарнігаўшчыне. Ініцыятыва дзейнічае ўжо больш за год, і гарадзенцы перадалі для жыхароў Украіны больш за тону рэчаў і рознай канцылярыі. Узімку асноўнай праблемай для гарадзенскіх валанцёраў быў не збор рэчаў, а іх дастаўка з Гародні ва Украіну.
Кажа гарадзенскі валанцёр Алесь Кіркевіч:
– Праца не спынена. Проста мы збіраем рознага роду рэчы: і дзіцячыя, і рэчы для дарослых. Збор працягваецца. Мы лішні раз нагадваем пра сябе, пра тое, што ініцыятыва не скончана. Хоць інфармацыйны бум пра падзеі ва Украіне крыху спынены ў сувязі з тым, што спыніліся актыўныя баявыя дзеянні на ўсходзе краіны. Але сама ініцыятыва і самі падзеі нікуды не зніклі. Таму мы працуем далей.
Агулам беларускія валанцёры ў Менску, Берасці, Гомелі і Гародні сабралі больш чым 6 тон груза, які быў перададзены ў Чарнігаў, дзе размеркаваннем займаецца дабрачынны фонд „Захистимо Украïну!”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня