Валенты Вакулюк: Людзі досыць злыя



Журналіст, старшыня Польскага таварыства ў Луцку Валенты Вакулюк распавядае пра сітуацыю ў Луцку і стаўленне ўкраінцаў да беларусаў.

РР: Якая зараз сітуацыя ў вашым рэгіёне?

Валенты Вакулюк: Тут, у Луцку, усе рыхтуемся, што магчыма будзе агрэсія з поўначы, то-бок з Беларусі. Людзі досыць злыя, рыхтуемся да абароны, скажам, рыхтуемся да глыбокай абароны. На ўсіх паступленнях да беларускай мяжы зробленыя загароды.

Адзінае, што мне не падабаецца, што тут сказалі, што мы не маем розніцы паміж беларусамі і кацапамі, бо і тыя, і гэтыя слухаюць сваіх фюрараў. Я тут пытаўся: можа, усё ж такі беларусы не рыпнуцца? Але нашы хлопцы кажуць: не, будзем і іх “мачыць”, у нас ужо няма сентыментаў ні да каго.

РР: Аляксандр Лукашэнка, дарэчы, нелегітымны прэзідэнт, кажа, што ніякай агрэсіі з боку Беларусі на Украіну не будзе. Але яго словы не сыходзяцца з праўдай., бо з тэрыторыі Беларусі ўсё ж такі атака ідзе. Кажаце, што ўкраінцы паціху пачынаюць губляць гэтую розніцу – што Лукашэнка, а што звычайныя беларусы, якія нават супраць Лукашэнкі.

Валенты Вакулюк: Зараз вельмі шмат эмоцый. Мы разумеем, што беларусы зараз не маюць такой сілы, бо іх поўнасцю задавілі. Мажліва, яны яшчэ не маюць таго драйву, які маюць украінцы пасля майданаў, пасля перманентнай вайны на Усходзе. Але скажу шчыра, людзям баліць, што беларусы не могуць, прабачце, такую гадасць перамагчы. Скажу па-расейску – “без яиц”. Але ж гэта справа Беларусі.

У нас да беларускага народу няма ніякіх прэтэнзій, у нас сімпатыя і любоў, але яна паціху знікае. Мы бачым, што усё ж такі народ не дае рады з тым дыктатарам.

РР: Сёння (4 сакавіка) загінуў ва Украіне беларускі хлопец, які ваяваў на баку Украіны, Ілля па мянушцы “Літвін”.

Валенты Вакулюк: Хай Гасподзь яго прыме ў царства. Я вам скажу, што сёння няма беларусаў, украінцаў, палякаў, расейцаў, габрэяў  – нікога няма, сёння ёсць цывілізаваны народ, які стаіць супраць татара-мангола-маскоўскай  навалы. І гэта, на жаль, факт. Мы ніколі не думалі, што мы не будзем гатовыя да такой нахабнай агрэсіі. І зноў такі ўсе трохі інфантыльна чакалі ад Захаду дапамогі, зараз былі запыты закрыцця неба.

Зноў жа мы вельмі ўдзячныя Захаду і разумеем, што ён звязаны абавязацельствамі. Мажліва, я скажу такія крамольныя рэчы, але Захад зараз куецца сіламі ўкраінскага народа, не толькі ўкраінскага, але і еўрапейскага.

Але скажу, можа, такія не хрысціянскія рэчы: нам усім “по дулі”, як здыхаюць кацапы.

РР: Можна сказаць, што сёння адбываецца ва Украіне тое, што было ў Польшчы ў 1920 годзе пад Варшавай, калі Польшча затрымала бальшавіцкую навалу, якая рухалася на Захад. Такая роля сёння выпадае ўкраінцам?

Валенты Вакулюк: Вы як “і белы раяль у кустах”. Літаральна хтосьці на днях прачытаў “Манітор украінскі” ўкраінскай моваю, і мы там пісалі пра 20 -ы год, пра стагоддзе бітвы. І раптам тэлефануюць мне і кажуць: вы ведаеце, рэдактар, гісторыя паўтараецца. Мы нават не ведалі пра той факт. Як тое было. І зараз кажа, Еўропа заканчвае тую працу, якую не могуць скончыць маскалі. Яны, як зялёныя чалавечкі, пруць і пруць, і пруць. У іх яшчэ з дваццатаго года не закончаная місія. І вы добра заўважылі, гэта добрая аналогія. Але я думаю, што цэлым светам мы іх завалім, бо ў іх няма абсалютна ніякай канцэпцыі., акрамя нянавісці да цывільнага свету, нахабства і прагнасці.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя