Валер Білібуха: Прапрацаваў 19 гадоў, а цяпер выкінулі, як непатрэбную рэч



Касацыйная скарга былога работніка Івацэвіцкага лясгаса Валеры Білібухі ў Берасцейскім абласным судзе засталася без задавальнення, а рашэнне Івацэвіцкага суда без змянення.

Адзіны на ўсю рэспубліку незалежны дэпутат Першамайскага сельвыканкама праз Івацэвіцкі суд намагаўся аспрэчыць незаконнае звальненне з працы, кажа Валер Білібуха:

– Што тычыцца падробленых подпісаў, я задаў пытанне, дык мне адказалі: „вы ж не дакажаце, што гэта не вы падпісвалі”. Я прапрацаваў у лясгасе 19 гадоў, пакінуў здароўе, ні выгавараў, ні прагулаў не было, а цяпер выкінулі, як непатрэбную рэч.

Па словах сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржука Русецкага, як паказвае практыка, Берасцейскі абласны суд як правіла астаўляе рашэнне ніжэйстаячых судоў у сіле. А створаная кантрактная сістэма дазваляе звальняць работнікаў без прычыны:

– Сама кантрактная сістэма, каторая была ўведзена ў нашай краіне, накіравана на тое, каб кіраўнік прадпрыемтсва па сваему меркаванню мог пазбавіцца ад працаўніка не тлумачачы гэта нейкімі парушэннямі. Уся гэтая практыка не дае спадзеваў, што чалавек можа рэалізаваць сваё права на справядлівы суд.

Паводле Валеры Білібухі, ён не намераны мірыцца з незаконным звальненнем, здзейсненым з дапамогай падробкі яго подпісаў. Дэпутат будзе звяртацца ў Вярхоўны суд. Пры адмоўным рашэнні – у Камітэт па правах чалавека ААН.

Беларускае Радыё Рацыя