Валер Мінец пакараны штрафам за акцыю 3 ліпеня (абноўлена)



У Лідзе адбыўся суд над грамадскім актывістам Валерам Мінцом. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі 3 ліпеня ў Менску. У выніку суддзя Федаровіч палічыў Мінца вінаватым. Падрабязнасці чарговага палітычнага суда распавядае па гарачых слядах наш карэспандэнт Андрусь Панямонаў.

Суддзя прыняў да ўвагі ўсе хадайніцтвы Валера і абвесціў прысуд – 25 базавых велічынь. Сам Валер Мінец разлічваў на тое, што яго пасадзяць на суткі, як гэта зараз адбываецца ў краіне, каб не даць магчымасці паўдзельнічаць у акцыі 8 верасня. Таму для яго гэта быў досыць нечаканы прысуд. Сам Валер знайшоў некалькі памылак пры складанні пратакола, бо яго абвінавацілі яшчэ ў тым, што ён не з’яўляўся на допыты і адмаўляўся даваць паказанні. Хоць насамрэч яго не было ў Беларусі, быў па-за яе межамі, і ён гэта даказаў, паказаўшы пашпарт. Суддзя прыняў гэта.

Сам актывіст не адмаўляе сваёй прысутнасці ў Менску 3 ліпеня, бо ў той дзень на вуліцах горада адзначалася свята афіцыйнага Дня незалежнасці. Па яго словах, ад самага пачатку, адміністрацыйны працэс вёўся з грубымі парушэннямі з боку міліцыянтаў. Што і было даказана ў судзе. Але ўсё адно – вырак, які вынес Лідскі суд, стаў для Валерыя Мінца і сяброў, якія прыйшлі яго падтрымаць, нечаканым.

Дакладна, гэта нечаканасць. Я разлічваў толькі, што будзе 10 або 15 сутак арышту па гэтай справе. Спадзяюся, гэта будзе такой станоўчай тэндэнцыяй, можа, дасць Бог і наша актыўнасць, мы скацімся з арыштаў да штрафаў, а са штрафаў да таго, што мы ўсё ж зможам вольна выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, вольна ўдзельнічаць у тых мерапрыемствах, свабода якіх гарантавана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Валер Мінец стаў чарговым актывістам, якога судзілі за акцыю 3 ліпеня ў Менску. 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбудзецца акцыя папярэджання магчымай расейскай агрэсіі супраць Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя