Валер Шэйбак: Пры такім гвалце ў Беларусі царква не можа стаяць у баку
Чаму лідара беларускіх католікаў Тадэвуша Кандрусевіча не пускаюць на Радзіму? Прычынай можа з’яўляцца ягоная пазіцыя, агучаная падчас экуменічнай малітвы ў Менску.
Так лічыць удзельнік тае малітвы, пастар царквы «Сямʼя Божая» Валер Шэйбак:
– Малітву як раз арганізавалі таму, каб было пакаянне, свядомасць, тэма духоўных каштоўнасцяў аб падзеях у Беларусі. Сабраліся ў адным з галоўных касцёлаў Менску, куды былі запрошаныя прадстаўнікі розных канфесій. Што тычыцца арцыбіскупа Тадэвуша, то ён вельмі прама называў рэчы сваімі імёнамі. Тут ёсць спекуляцыя адносна таго, што ён агучваў. Вось менавіта маральны бок, ацэнка прамая, відаць, тым, хто ўтрымлівае ўладу, вельмі не спадабалася.
У падтрымку арцыбіскупа Кандрусевіча 2 верасня ў Менску і Маладзечне адбыліся экуменічныя малітоўныя акцыі.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара, Андрэя Строцава (ікона-плакат), Марыны Сідаровіч