Валер Журомскі: Лічу, што да трагедыі прывяла памылка ўрачоў
Не атрымана своечасовая дапамога пры чэрапна-мазгавой траўме. І гэта прывяло да незваротных наступстваў для 26-гадовага жыхара Івацэвіч Уладзіміра. Івацэвіцкія медыкі не распазналі траўму ў сувязі з нецвярозым станам маладога чалавека, якога 18 жніўня ў 7 гадзін раніцы даставіла ў бальніцу хуткая дапамога. Уладзімір быў без прытомнасці, родныя яго да 16-й гадзіны шукалі, а бальніца маўчала, хаця тэлефон пацярпелага накаліўся ад званкоў, а медыкі добра ведалі імя і прозвішча дастаўленага. І толькі ў 14 гадзін зрабілі аперацыю, кажа стрыечны брат пацярпелага Валер Журомскі:
– Я не задаволены тым, як арганізавана праца ад вяршыні і да нізу, хаця бы ў гэтай бальніцы. Гэта не сакрэт, гэта ў раённых бальніцах паўсюль у нас… Ён прыходзіў у прытомнасць, ён нешта мармытаў. Яны думалі, што ён п’яны. Недзе ў мозгу сасуд лопнуў і там выцякае кроў і цісне на мозг. І сем гадзін яна выцякала. 200 мл – гэта вялікая гематома, несумяшчальная з жыццём. Калі б у 7 гадзін ім заняліся б, можа ў 8 ці 9 правялі аперацыю, то не было б такіх наступстваў.
Паводле Валеры Журомскага, да неабходных спецыялістаў у Баранавічах пацярпелы быў дастаўлены толькі вечарам 20 жніўня. Патрабаванні родных, накіраваць у Менск і перавезці за іх кошт, плёну не далі з-за бюракратычных затрымак. У Баранавічах родных Уладзіміра папярэдзілі аб самым горшым. Галоўны ўрач Івацэвіцкай райбальніцы Васіль Юзэфовіч лічыць, што іх віны няма, як паведамляецца на сайце “Першы рэгіён”. Валер Журомскі з гэтым не згодны. Першую скаргу ён ужо накіраваў у Адміністрацыю прэзідэнта. Каб выратаваць чарговую ахвяру ў будучым, як лічыць ён.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя