Валеры Сляпухін: Зараз Украіне неабходная дапамога



Колішні жыхар Гомеля і актывіст Валеры Сляпухін, які цяпер жыве ў Польшчы, адвёз гуманітарную дапамогу ва Украіну.

Як ставяцца ўкраінцы да дапамогі ад беларусаў? Што неабходна для беларусаў, якія ваююць за Украіну? І ці можна паразумецца цяпер беларусам і ўкраінцам? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Валеры Сляпухін у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Што гэта была за дапамога?

Мы везлі дзіцячыя рэчы для кіеўскай арганізацыі. Мы везлі дапамогу ім і яны ўжо будуць на месцы размяркоўваць гэтыя рэчы па арганізацыям, якія займаюцца дапамогай дзецям.

РР: Гэта дапамога была сабраная ад беларускіх актывістаў?

Ад беларусаў. Дапамагала з гэтым фонд Żyvi, які два ці тры гады збірае дапамогу для беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы. Таксама перадавалі шмат рэчаў ва Украіну. Яны амаль раздалі свой склад, гэта была мэтанакіраваная дапамога для дзяцей, якая пайшла ў Кіеў.

РР: Гэта была польская арганізацыя?

Яна зарэгістравана ў Польшчы, фонд Żyvi, ім кіруюць беларусы, займаліся ўвесь час беларусы і дапамагалі непасрэдна беларусам і ўкраінцам пасля пачатку вайны. Фонд дапамагае. Зараз на жаль складанасці ў гэтай арганізацыі, таму яны павінны зменшыць сваю дзейнасць.

РР: Чаму ты вырашыў далучыцца?

– Гэта была, як валанцёрская дапамога. Трэба было дапамагаць фонду Żyvi з рэчамі і я знайшоў, куды мэтанакіравана можна адправіць дапамогу. Гэта была не разавая дапамога, зараз будзем супрацоўнічаць з іншай арганізацыяй, таксама будзем мэтанакіравана займацца дапамогай для дзяцей.

РР: Чаму ты вырашыў стаць валанцёрам і дапамагаць?

Зараз Украіне неабходная дапамога, большая чым беларусам насамрэч. Пасля інфармацыі пра Кахоўку я не мог быць у баку і не дапамагаць зараз украінцам. Зараз такі час, калі гэта неабходна. На мой погляд, у такіх выпадках дапамога патрэбная. Хто, як можа, так і будзе дапамагаць. Хто грашыма, хто валанцёрствам, хтосьці дапамогай на складзе, хтосьці транспартам, хтосьці зборам, хтосьці проста інфармацыйнай падтрымкай. Дапамога неабходная. Там такія рэчы адбываюцца, якія могуць паўплываць на ўсю палітыку і на міжнародныя адносіны таксама.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя