Валерый Карбалевіч: Абы не білі і гэта ўжо – перамога
Абы не білі і гэта ўжо – перамога. Апазіцыя прапануе ўладам святочна адзначыць стагоддзе БНР, аналітыкі скептычна ставяцца да такой перспектывы. Прадстаўнікі аргкамітэта ў справе падрыхтоўкі да святкавання стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі падалі заяўку ў Менскі гарвыканкам на дэманстрацыю і мітынг „Свята Незалежнасці” 25 сакавіка.
Да святкавання запрашаюць і прадстаўнікоў улады, але паводле палітычнага аналітыка Валерыя Карбалевіча, Лукашэнка яшчэ сам не вызначыўся, як ставіцца да гэтай даты:
– Вырашае ў Беларусі адзін чалавек, а наколькі я разумею, улады канчаткова не прыйшлі да высновы, што рабіць з гэтай датай. Нейкае адзначэнне будзе, ужо круглы стол быў у „Звяздзе”, куды запрасілі кіраўніка БНФ Кастусёва. Магчыма будуць нейкія выставы, яле я не ўяўляю, што будзе нейкі ўрачысты сход з удзелам Лукашэнкі. Дай Бог, каб закончылася без вострага канфлікту, без разгону, без рэпрэсій.
Летась акцыя на Дзень Волі суправаджалася масавымі арыштамі і збіваннем удзельнікаў. Сёлета заяўка пададзеная за два месяцы да юбілейнай даты — 100-годдзя БНР. Паводле нормаў беларускага заканадаўства, адказ мусяць даць не пазней, чым за 5 дзён да акцыі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя